Сустрэча берасцейцаў з Антонам Матолькам
У Берасці адбылася сустрэча з фатографам, блогерам і актывістам Антонам Матолькам.
Ён эфектыўна вядзе перапіску з чыноўнікамі і дзяржслужбоўцамі, а таксама блогі ў сацыяльных сетках, і час ад часу дзеліцца сваім досведам у гэтых галінах. Гэтак сталася і на мерапрыемстве ў Берасці, дзе Матолька распавёў пра свой праект (#МотолькоПомоги) і шэраг іншых цікавостак:
– Я, як зорка, прыехаў на вакзал, адкуль мяне на таксі прывезлі сюды. Берасце я ведаю, быў шмат разоў тут. На жаль, гэтым разам не даводзіцца пагуляць, таму горад не пабачу. Але спадзяюся, што праз паўмесяца- месяц я вярнуся яшчэ раз і ўжо нармальна пагуляю па горадзе. Пытанні насамрэч былі вельмі добрыя: усё па справе і па тэме. На многія пытанні я сам не ведаў адказаў – гэта нармальна. Атрымаўся мінімальны дыялог у другой частцы, як я і хацеў.
Найбольш гарачыя з лакальных тэмаў і спосабы іх вырашэння датычыліся сацыяльнай тэматыкі, ад будаўніцтва акумулятарнага завода да праблемаў бяздомных жывёлаў. Усе жадалі атрымаць універсальную параду пра тое, як знайсці і пашырыць аўдыторыю альбо як паўплываць на людзей, якія прымаюць рашэнні.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара