Сустрэча кандыдата ад БХД Яўгена Дудкіна ў Гародні



У гарадзенскай Альшанцы адбылася сустрэча кандыдата на мясцовыя выбары 2018 года ад аргкамітэта БХД Яўгена Дудкіна. Сустрэча адбылася ў адзінай школе мікрараёна, а падтрымаць маладзёна прыехала яго давераная асоба – дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Яўген Дудкін прапанаваў жыхарам мікрараёна падтрымаць на выбарах яго і праграму “10 пунктаў па развіцці Альшанкі”.

Праграма «10 пунктаў па развіцці Альшанкі» ўключала ў сябе і парк, і рынак. Мы ведаем, што гарвыканкам зацвердзіў план, што рынак будзе. А мы першымі агучылі гэту праблему афіцыйна, праз калектыўны зварот. Мы першымі агучылі і праблему вялікага парку. Мы хацелі зрабіць яго ў цэнтры, бо ў будучыні наш мікрараён павялічыць сваю плошчу ў 4 разы. І мы хацелі, каб цэнтр, дзе ёсць касцёл і царква, быў экалагічным месцам адпачынку. Я лічу, што гэтыя 10 пунктаў праграмы – ключ да поспеху.

Падтрымаць Яўгена Дудкіна прыехала ў Гародню сустаршыня БХД Вольга Кавалькова:

– Заўжды добра пакамунікаваць з людзьмі, якія жывуць у рэгіёнах, а таксама паглядзець на тыя праблемы, якія ёсць тут, і падтрымаць нашых кандыдатаў, бо, сапраўды, гэта складана. І, зразумела, пабачыць адзін аднаго, данесці мэсэдж беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. І можа адказаць на нацыянальныя пытанні, якія могуць узнікаць падчас такіх сустрэч.

На сустрэчы з выбарцамі прыйшло ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, аднак дыскусія цягам гадзіны падымала пытанні не толькі жыхароў Альшанкі, але і іншыя сацыяльна кранаючыя пытанні жыхароў Гародні.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня