Сустрэча з нагоды сітуацыі вакол школы ў Амелянцы
У вёсцы Амелянец Камянецкага раёна адбудзецца сустрэча са старшынём мясцовага райвыканкама. Пра гэта паведамілі мясцовыя жыхары.
Тэма сустрэчы – прыняццё рашэння пра закрыццё Амелянецкай сярэдняй школы. Школа з’яўляецца апошняй сярэдняй беларускамоўнай у гэтым раёне. Кажа мясцовая жыхарка:
– Я, як мясцовы жыхар, як шматдзетная маці, хачу каб яе не закрывалі. Самы малодшы ў мяне зараз у садок ходзіць, у першы клас у наступным годзе. Старэйшы ў чацвёрты клас, сярэдні ў трэці. Мне не хочацца, каб кудысьці іх вазілі, перажываць, як яны там заехалі. А так тут паблізу, штосьці забалела, пайшоў, праверыў. Я не магу прызвычаіцца, што беларускамоўная, але мне гэта падабаецца. Я ў расейскамоўнай вучылася. У Берасці такая ж школа – драўляная, чацьвёртая школа, і ніхто нічога не закрывае, усё нармальна.
Мясцовыя жыхары і настаўнікі акрамя таго, што выказаліся супраць закрыцця сярэдняй школы ў Амелянцы, яшчэ і збіралі подпісы пад петыцыяй ў яе абарону. Пачатак сустрэчы 9 снежня ў 17:30 у сельскім доме культуры вёскі Амелянец. За захаванне школы падпісаліся больш за 1800 чалавек, на што звярнулі ўвагу журналісты. На візіт журналістаў адрэагаваў мясцовы інфармацыйны партал KAMENEC.BY, угледзеўшы ў гэтым “палітычны падтэкст”. Што праўда, да візіту недзяржаўных журналістаў у школу, гэты партал пра сітуацыю вакол амелянецкай школы не пісаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Амелянец.