Сустрэча з Сяргеем Шупам у Гародні



У гарадзенскай “Цудоўні” ў межах святкавання 100-годдзя БНР адбылася сустрэча з журналістам “Радыё Свабода” і перакладчыкам Сяргеем Шупам, які прадставіў сваю новую кнігу “Падарожжа ў БНР”.

Слухачоў вельмі цікавіла дзейнасць БНР у Гародні. І вось што пра гэта падкрэсліў Сяргей Шупа:

– З Вільні праз тры дні выехалі ў Гародню, якую беларусы лічылі сваёй тэрыторыяй. Таму аж да выезду ўрада з Гародні яшчэ БНР лічыла, што яна знаходзіцца на апошнім лапіку сваёй тэрыторыі, нейкім чынам спрабуе пашыраць свае ўплывы, сваю ўладу. Былі там нейкія спадзяванні. Мы не павінны забываць, што побыт урада БНР у Гародні – гэта даволі спецыфічная сітуацыя, бо Гародня на той момант была літоўскім горадам пад нямецкай акупацыяй.

Пасля сустрэчы гарадзенцы падзяліліся сваімі ўражаннямі пра выступ Сяргея Шупы.

– Сустрэча з Сяргеем Шупам была цікавая ў першую чаргу тым, што я на ўласныя вочы пабачыў найлепшага знаўцу гісторыі БНР. Пачуў вельмі шмат цікавых фактаў.

– Мне асабіста спадабалася тое, што гэта было вельмі жыва і максімальна набліжана да сучаснага чытача. З іншага боку, аўтары захоўваюць адчуванне таго часу. Гэта не было спрашчэнне – гэта было набліжэнне, якое зараз, праз 100 гадоў, нам проста патрэбнае.

Сустрэча ў “Цудоўні” цягнулася больш за 2 гадзіны, і ўсе прысутныя на сустрэчы атрымалі кнігі Сяргея Шупы ў падарунак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня