“Сусветнае прэс-фота 2018” адбудзецца ў Гародні



Міжнародная выстава “Сусветнае прэс-фота 2018”, на якой можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фота 2018 года, упершыню адкрыецца ў Гародні 3 траўня. Партнёрамі правядзення выставы ў Гародні з’яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў і пляцоўка HrodnaMediaRoom.

Пра будучую выставу распавядае Анастасія Ранько, каардынатар World Press Photo ў Беларусі:

Для нас гэта вельмі вялікая падзея. У гэтым годзе, як і тры гады таму, выставу прывозіць культурная прастора «Цэх». Сёлета, як і ў папярэднія гады, выстава ўключае ў сябе здымкі з усяго свету, якія адлюстроўваюць актуальныя падзеі, як палітычныя, так і культурныя, асвятляюць пэўныя сацыяльныя сітуацыі, якія былі найбольш значнымі ў 2017 годзе.

Адкрыццё выставы ў Гародні адбудзецца 3 мая 2018 года а 19.00 па адрасе:  вул. Дубко, 17 (гандлёвы цэнтр «Old City»). Пасля Гародні выстава паедзе ў Менск, дзе будзе дэманстравацца ў прасторы культцэнтра КОРПУС.

Фотаконкурс «Сусветнае прэс-фота – 2018», вынікі якога прадэманструюць дзве беларускія выставы, сабраў 4 548 фатографаў са 125 краінаў, якія заявілі на конкурс 73 044 выявы. Журы, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары з усяго свету, адзначыла найлепшых фатографаў з усяго свету ў васьмі намінацыях.

Выставы ладзяцца пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня