Сутычкі на Храмавай гары ў Ерусаліме
На Храмавай гары ў Ерусаліме ў нядзелю, 2 чэрвеня, адбыліся сутычкі паміж мусульманамі і паліцыяй. Па словах прадстаўнікоў паліцыі, соткі ўдзельнікаў беспарадкаў кідалі камяні і крэслы ў супрацоўнікаў спецслужбаў. Пасля гэтага паліцыя разагнала дэманстрантаў.
Нагодай для беспарадкаў стала наведванне Храмавай гары (па-арабску аль-Харам аль-Кудс аш-Шарыф) артадаксальнымі яўрэямі ў апошнія дні Рамадана.
Паліцыя заявіла, што дазволіла наведванне ў Дзень Ерусаліма, які быў абвешчаны ў гонар пераходу пад кантроль Ізраілю ўсходняй часткі Ерусаліма пасля Шасцідзённай вайны 1967 года. Тады цягам бітвы за Стары горад яўрэям упершыню за дзве тысячы гадоў удалося ўсталяваць кантроль над святымі месцамі – Храмавай гарой і Сцяной плачу.
У гэтым годзе Дзень Ерусаліма прыпаў якраз на 1-2 чэрвеня.
Са свайго боку прадстаўнік радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС звінаваціў ізраільскія ўлады ў тым, што яны парушылі святое для мусульман месца, напаўшы на вернікаў. Ён заявіў пра „сур’ёзную эскалацыю” напругі і пагражаў наступствамі. Сітуацыя ў старым горадзе Ерусаліма абвастрылася пасля таго, як палестынец у мінулую пятніцу параніў нажом двух ізраільцян, пасля чаго быў застрэлены паліцыянтамі.
Храмавая гара, святое месца для яўрэяў і мусульман, застаецца прадметам спрэчкі. Летам 2017 года, пасля чарговага тэрарыстычнага нападу з гібеллю чалавека, Ізраіль усталяваў на Храмавай гары металашукальнікі, што прывяло да сутычак з новымі ахвярамі. Пасля таго, як у выніку беспарадкаў загінулі чатыры палестынцы і некалькі соцень былі параненыя, ізраільскія ўлады дэмантавалі прыстасаванне.
Беларускае Радыё Рацыя