Сутычкі ў Францыі: пацярпела мінімум 118 чалавек



У выніку пратэстаў у Францыі па стане на вечар 8 снежня мінімум 118 чалавек паранена, сярод іх 17 паліцыянтаў. Пра гэта паведаміла выданне Le Parisien.

Усяго, паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Францыі, у пратэстах па ўсёй краіне ўзялі ўдзел каля 125 тысяч чалавек, 10 тысяч з якіх – у Парыжы.

У Францыі затрымалі 1385 чалавек, 974 з іх арыштавалі, пры тым у Парыжы затрымалі 1150 чалавек, 619 з іх арыштавалі.

У звязку з пастановай ураду падвысіць з 2019 года падатак на дызельнае паліва і бензін у Францыі ў сярэдзіне лістапада пачаліся акцыі пратэсту. Мітынгоўцы заяўлялі, што падвышэнне прывядзе да росту цэнаў, ва ўрадзе тлумачылі гэтыя планы клопатам за ахову навакольнага асяроддзя. Пратэставы рух атрымаў назву „жоўтыя камізэлькі”, паколькі мітынгоўцы апранутыя ў флуорэсцэнтныя камізэлькі, якія паводле правілаў павінны быць ва ўсіх аўтамабілях Францыі. 1 снежня пратэсты перараслі ў беспарадкі. Мітынгоўцы кідалі камяні, будавалі барыкады, пераварочвалі і падпальвалі машыны. Паліцыя прымяніла слёзацечны газ і вадзяныя гарматы.

Дэманстранты таксама размалявалі сцены Трыумфальнай аркі і пашкодзілі яе статуі.

5 снежня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон на фоне масавых акцый пратэсту адмовіўся ад планаў падвышаць падатак на паліва. Аднак пратэсты не спыніліся.

Беларускае Радыё Рацыя