Сузаснавальніку KYKY і The Village Belarus Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай



Сузаснавальніку анлайн-часопіса KYKY і інтэрнэт-газеты The Village Belarus, уладальніку агенцтва Vondel/Hepta Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, паведаміла ў сацсетках яго жонка Надзея Зелянкова.

„Аляксандр Васілевіч застаецца ў турме. Сёння яму прынеслі працяг варты. Саша ў турме ўжо год”, — напісала яна ў „Фэйсбуку”.

У пачатку жніўня Зелянкова паведаміла, што Аляксандр прызнаны схільным да экстрэмізму.

У канцы ліпеня мінулага года Васілевіча арыштавалі на 14 сутак, пасля таго як ён прыйшоў у будынак КДБ з хадайніцтвам аб змене меры стрымання экс-банкіру і экс-прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта Віктару Бабарыку.

Бізнесмен зноў быў затрыманы 27 жніўня пасля вобшуку, праведзенага дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў офісе агенцтва Vondel/Hepta. Прычыну вобшуку супрацоўнікам не патлумачылі і ўзялі з іх падпіску аб невыдаванні. У офісе дыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае Зелянкова, таксама быў праведзены вобшук. Вобшук прайшоў і дома ў дырэктара часопіса KYKY Сашы Раманавай.

Увечары таго ж дня Зелянкова паведаміла, што знаходзіцца дома, а яе муж афіцыйна затрыманы.

У чым абвінавачваецца бізнесмен, да гэтага часу не паведамляецца. Праваабаронцы прызналі Васілевіча палітвязнем. Ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску. Праверку ў яго кампаніі працягнулі да 18 кастрычніка.

Васілевіч быў адным з тых, хто 10 кастрычніка 2020 года ўзяў удзел у размове з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

БелаПАН