Свабодны прафсаюз у Полацку абараніў звольненага рабочага



У судзе горада Полацка адноўлены на працы на прадпрыемства “Полацк Шкловалакно” работнік цэха № 8 Аляксей. Рабочага звольнілі з 19 студзеня нібыта за прагулы. Наймальнік завода ў судзе пагадзіўся выплаціць работніку зарплату за час вымушанага прагулу і прапанаваў міравое пагадненне. „Інтарэсы працоўнага ў судзе прадстаўляў Свабодны прафсаюз,” – кажа кіраўнік прафсаюзай арганізацыі Свабоднага прафсаюза на “Шкловалакне” Віктар Стукаў:

– Як заўсёды адміністрацыя не хоча ўнікаць у праблемы працоўных. Калі нейкая здарылася праблема са здароўем, дык не разбіраюцца – прагуляў ты, ці там ужо памёр, – звальняюць з працы. І калі пачалі ў судзе разбірацца, дык урачы сказалі, што ў працоўнага быў такі стан здароўя, што ён не мог працаваць.

 

Прагулам на працы начальнікі палічылі дні, калі работнік хварэў і двойчы 22 і 23 снежня выклікаў хуткую дапамогу на дом, але не звярнуўся ў паліклініку.

Лекары хуткай дапамогі – як сведкі – далі паказанні ў судзе, што Аляксей быў не ў стане выконваць свае працоўныя абавязкі. Лекар выдаў бальнічны 26 снежня, і таксама заявіў, што працаўнік пры такім захворванні не змог бы працаваць з 22 снежня.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя