Свае выказванні пра католікаў Святлана Алексіевіч назвала метафарай



Свае выказванні пра католікаў у час прамой лініі ў эфіры расейскага тэлеканала „Дождь” пісьменніца Святлана Алексіевіч назвала метафарай.

„Калі мне задалі пытанне пра Украіну, я сказала, што Крым — гэта, несумненна, акупацыя, а што тычыцца Данбаса — гэта, вядома, вайна, развязаная Пуціным, — заявіла нобелеўскі лаўрэат у каментары парталу tut.by. — Такую вайну можна развязаць у любым месцы. Можна адправіць туды танкі, пару машын з аўтаматамі, адмарозкі заўсёды якія-небудзь знойдуцца. Гэта можна разгайдаць і ў Беларусі, католікі будуць ваяваць з праваслаўнымі. Трэба было мне сказаць, што і праваслаўныя з католікамі, што ва Украіне нават праваслаўныя з праваслаўнымі [ваююць]. Ні пра якіх католікаў, ні пра якую вайну ў Беларусі гаворкі не ішло. Я здзіўляюся, як яны змаглі прачытаць усё гэта. Гэта была метафара, не [літаральна] пра тое, што католікі будуць ваяваць з праваслаўнымі„.

Як раней паведамлялася раней, падчас прамой лініі ў эфіры тэлеканала „Дождь” 9 чэрвеня Алексіевіч выказала меркаванне, што людзі ва Украіне і ў Расеі не хочуць ваяваць адзін з адным, канфлікт падаграваюць улады, кіруючыся геапалітычным інтарэсам. Яна падкрэсліла, што лічыць далучэнне Крыма да Расеі ў 2014 годзе акупацыяй. „Вайна — тая, якую пачала Расія ў Данбасе, — гэта на сумленні Расіі. Таму што такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю — там католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна”, — сказала Алексіевіч. „Чалавек, — адзначыла яна, — досыць недасканалая і вельмі палітычная істота”. Аднак „людзі не жывуць палітыкай”, таму „ім можна ўкласці ў галаву ўсё, што хочаце”, дадала пісьменніца.

У сувязі з гэтым кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з адкрытым лістом да Алексіевіч. „Сёння я з вялікім смуткам і трывогай успрыняў Вашы словы: „Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна”, — піша мітрапаліт. — З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з`яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету”.

„Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрынятыя як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства”, — лічыць Кандрусевіч.

„Спадзяюся, што ў Вашых словах не было благога намеру ў адрас католікаў нашай Радзімы. Аднак варта памятаць, што параніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы”, — указвае кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі.

БелаПАН