Свавольства ДАІ ў Целяханах
Жыхар Целяхан Аляксандр Іваноў пакараны Івацэвіцкай ДАІ 5-цю базавымі велічынямі, што складае 122 рублі. Прычына пакарання – непадпарадкаванне спецпадраздзяленню ДАІ “Страла”, калі ехаў з крамы дадому на самаробным электрасамакаце.
Пратакол “Стралы” і запіс відэарэгістратара быў дасланы з Менску ў Івацэвіцкую ДАІ. Тым не менш, доказная база віны практычна адсутнічае, лічыць сам Іваноў, а таксама сцярджаюць сябры праваабарончага цэнтра “Вясна” з Баранавіч Сяргей Гоўша і Аляксандр Вайцешык:
– Як напісана ў паперах, гэты інспектар ДАІ неаднаразова патрабаваў, падаваў гукавыя сігналы з патрабаваннем спыніцца дакладна і зразумела. Калі паглядзець відэа, то там ён едзе за мной літаральна некалькі секунд. Бачна, што падае сігнал па рацыі, я адразу ж спыніўся. Адназначна сказаць, што там былі патрабаванні, не прадстаўляецца магчымым.
Паводле Аляксандра Вайцешыка, калі даказаць немагчыма, то ўсе рознагалоссі ці сумневы трактуюцца на карысць асобы ў адносінах да якой вядзецца адміністрацыйная справа.
Экіпаж “Стралы” у той дзень склаў на Аляксандра Іванова яшчэ 3 адміністрацыйныя пратаколы і аштрафаваў на 122 рублі за язду без шлема, без рэгістрацыі і страхоўкі. Але пасля скаргі ў спецпадраздзяленне дарожна-транспартнай службы “Страла” МУС пастановы былі адменены. Рашэнне падпісана начальнікам службы палкоўнікам міліцыі Рудэнка. У начальніка Івацэвіцкага ДАІ Васіля Жура не хапіла духу спыніць справу.
Беларускае Радыё Рацыя