Блізкім палітвязня Вітольда Ашурка яшчэ не выдалі яго цела (абноўлена)
Блізкім палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі, яшчэ не выдалі яго цела. Следчыя органы спасылаюцца, на тое, што эксперты павінны даць заключэнне пра выпадак, а ўжо толькі тады цела можна будзе перадаць сваякам. Калі гэта будзе – інфармацыі няма. Пахаванне будзе на радзіме Вітольда, у Бярозаўцы, на наступны дзень, як забяруць цела. Паведамляюць сваякі.
Як кажа прадстаўніца руху «За свабоду» Вольга Быкоўская, сябрам якога быў Вітольд Ашурак, закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы і рэпрэсіўны характар уладаў выклікаюць недавер да органаў і іх заяваў аб прычынах смерці палітвязня:
– Мы адзінае, што зараз можам, гэта патрабаваць публічнасці. Але, на жаль, па тым, што адбываецца ўнутры Беларусі, можна сказаць, што дзяржава і рэжым, людзі, якія ўтрымліваюць зараз уладу, перасталі абсалютна чуць беларусаў. Я не ведаю, ці захаваўся цяпер хаця б адзін законны механізм паўплываць на дзейнасць сілавікоў у гэтай сітуацыі. Адзінае, што магу паабяцаць, што мы зробім усё магчымае, каб праблема са смерцю Вітольда Ашурка была пачутая. Ці будзе ад гэтага які эфект? На жаль, магу сказаць, што, напэўна, – не. Уладам Беларусі ўсё роўна.
Вітольду Ашурку было 50 год. На закрытым судзе ў Лідзе яму далі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму (па артыкулах 342 і 364 — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалт або пагроза яго прымянення ў дачыненні да супрацоўнікаў унутраных органаў). Прычынай смерці палітвязня называюць спыненне сэрца.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
Цела памерлага ў шклоўскай калоніі № 17 палітвязня Вітольда Ашурка дагэтуль не аддалі сваякам.
Як паведаміў БелаПАН яго сябар Сяргей Пантус, сёння ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці адмовіліся выдаваць цела, спаслаўшыся на следчыя мерапрыемствы.
„Мы патэлефанавалі ў Следчы камітэт. Нам паведамілі, што праводзіцца поўны комплекс следчых мерапрыемстваў, судмедэкспертыза, таму сёння цела Вітольда выдадзена не будзе, і не факт, што будзе заўтра”, — растлумачыў Пантус.
Паводле яго слоў, дакладную дату следчы брату палітыка Андрэю Ашурку паведамляць адмовіўся.
Сяргей Пантус дадаў, што вядзецца падрыхтоўка да пахавання ў Бярозаўцы (Лідскі раён, Гарадзенская вобласць): ёсць дамоўленасць з ксяндзом, набыта месца на могілках.
Пра смерць Ашурка сваякам паведамілі ўвечары 21 мая. Папярэдняй прычынай смерці назвалі спыненне сэрца. Родныя і сябры не атрымлівалі ад яго лістоў з канца красавіка.
18 студзеня суд Лідскага раёна прызнаў Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і нападзе на міліцыянера падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
8 красавіка Гарадзенскі абласны суд па выніках разгляду апеляцыі пакінуў прысуд Ашурку без зменаў.