Сваякі асуджаных незадаволеныя ўмовамі ўтрымання блізкіх



Сваякі асуджаных па рэзанансных справах раніцай 18 снежня прыйшлі ў дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) Міністэрства ўнутраных спраў у Менску, каб сустрэцца з яго кіраўніцтвам, паведаміў БелаПАН грамадскі актывіст Максім Вінярскі.

Паводле яго слоў, родныя перажываюць за жыццё сваіх дзяцей і вельмі занепакоеныя тымі жорсткімі ўмовамі ўтрымання, у якіх яны адбываюць пакаранне.

Не менш за шэсць сваякоў асуджаных зараз знаходзяцца на другім паверсе будынка, дзе вядзе прыём адзін з намеснікаў кіраўніка ДВП. „Людзі чакаюць прыёму, нехта піша заявы пра парушэнні правоў іх дзяцей”, — адзначыў Вінярскі.

Ліквідаваны беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” таксама паведамляе, што да будынка ДВП разам з роднымі Тараса Аватарава, Ільі Валовіка, Юрыя Свецікава і некаторых іншых прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці, актывісты „Еўрапейскай Беларусі” і форуму „Свабода палітвязням”, каб перадаць кіраўніцтву дэпартамента калектыўны зварот аб недапушчальнасці парушэння правоў асуджаных.

Маці Аватарава Людміла Поспіх паведаміла журналістам, што сваякі збіраюцца пісаць зварот аб патрабаванні спыніць катаванні ў дачыненні да асуджаных і наладзіць сістэму назірання ў калоніях з удзелам міжнародных структур, каб спыніць бязмежжа адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў.

Актывістка Вольга Нікалайчык заявіла: „Здзекі і катаванні беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за кратамі ў беларускіх турмах, перайшлі ўсе межы. Сёння прадстаўнікі беларускай грамадскасці, розных рухаў і плыняў мусяць стаць на бок гэтых мацярок, гэтых бацькоў, каб разам прадухіліць пагрозы жыццю і Тараса Аватарава, і Міхаіла Жамчужнага, і многіх іншых. Мы падрыхтавалі калектыўны зварот ад грамадскасці, творчай інтэлігенцыі Беларусі, ветэранаў працы, былых вайскоўцаў, актывістаў, каб урэшце спыніць здекі і катаванні ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі”.