Сваякі асуджаных па артыкуле 328 КК сабраліся ля Дома ўрада



Больш за 30 сваякоў асуджаных на падставе арт. 328 КК сабраліся 22 красавіка ля Дома ўрада ў Менску, спрабуючы дамагчыся сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку намеснікам старшыні парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Васілём Чэканам.

Разам з парламентарыямі прысутныя маюць намер ісці ў Савет міністраў, каб атрымаць адказ на пытанне пра змену антынаркатычнага заканадаўства, паведаміла БелаПАН адна з актывістак Таццяна Канеўская.

Яна нагадала, што на сустрэчы рабочай групы па змене арт. 328 КК, якая адбылася 10 красавіка, прадстаўнікі Савета міністраў абяцалі прыняць рашэнне па гэтым пытанні на працягу 10 дзён, аднак яно так і не прынятае.

Канеўская таксама паведаміла, што 19 красавіка тэлефанавала Чэкану, які на яе просьбу звязаўся з Саўмінам, дзе яму адказалі, што пытанне яшчэ не ўзгодненае. „У Савеце міністраў наогул сказалі дзіўную фразу: маўляў, няхай яны (сваякі) робяць запыт, і мы ім адкажам. Але я не разумею, чаму зараз гэта перакладваюць на нас, замест таго каб гэтым займаліся дэпутаты”, — дадала актывістка.

Яна заўважыла, што сваякоў асуджаных шакавала пазіцыя кіраўніка дзяржавы адносна прымянення амністыі да тых, хто адбывае пакаранне паводле арт. 328 КК.

19 красавіка пасля паслання прэзідэнта народу і парламенту дэпутат Чэкан задаў Аляксандру Лукашэнку пытанне пра магчымасць прымянення амністыі да асуджаных паводле названага артыкула. Лукашэнка ў катэгарычнай форме адказаў, што амністыі для вытворцаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў не будзе.

„Калі толькі паглядзім персанальна, якія не распаўсюджвалі, не выраблялі, а ўжывалі дзесьці наркотыкі, і то — выключна толькі ў персанальным выглядзе, — заявіў ён. — А так — ніколі ў жыцці. Мы нездарма жорсткія пастановы прымалі, у тым ліку законы разам з вамі, каб ад іх адступіцца. Не вырабляй, не распаўсюджвай, пажадана, каб і не ўжывалі (там меншае пакаранне). Але нарката — гэта страх, гэта трагедыя, гэта бяда”.

Пытанне Чэкана Канеўская назвала правакацыйным. „Хто наогул дэлегаваў яго задаваць такое пытанне? А калі ўжо задаў, то трэба было тады дыскусію весці з прэзідэнтам па гэтай тэме, казаць пра тое, што велізарная колькасць непаўналетніх сядзіць”, — лічыць яна.

Паводле слоў Канеўскага, калі сёння родным асуджаных не ўдасца дамагчыся адказу ад Саўміна, яны пойдуць у Адміністрацыю прэзідэнта і будуць прасіць аб роспуску парламента. „Таму што такія яны — дэпутаты — нікому не патрэбныя”, — падкрэсліла актывістка.

belapan.by

Фота svaboda.org