Сваякі асуджаных па пінскай справе распавялі пра пагаршэнне ўмоваў утрымання палітвязняў



Сваякі і сябры шэрагу пінчукоў-палітвязняў асуджаных па гучнай “пінскай справе” паведамляюць, што ўмовы ўтрымання ў калоніях і турмах іх блізкіх лепш не становяцца. Яны штодня знаходзяцца пад прэсінгам, максімальна абмяжоўваюцца ў ліставанні, сустрэчах і перадачы пасылак.

Алег Рубец

Але больш за ўсіх турботу выклікае сітуацыя з Алегам Рубцом.

Па словах людзей, якія сочаць за лёсам зняволеных землякоў, хвалявацца сапраўды ёсць за што:

– Падвяргаецца катаванням, бесперапынна знаходзіцца ў карцары, ШІЗА, ён абмежаваны ў перапісцы нават з роднай маці. Яму не перадаюцца перадачы, ён трапляў у санчастку. Яго родным адмовілі ў інфармацыі пра прычыны траплення ў санчастку. Гэта наводзіць на думку пра збіццё, таму што, каб гэта была звычайная хвароба, то няма прычынаў хаваць гэта.

Суразмоўцы дадаюць, што днямі з’явілася пакуль не пацверджаная інфармацыя пра намер для некаторых пінчукоў-палітвязняў павялічыць тэрміны зняволення. Гэта магчыма зрабіць на падставе парушэнняў з іх боку рэжыму ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя