Сваякі атрымалі дазвол на сустрэчу з пінчукамі-палітвязнямі з другой групы асуджаных
Цягам дзесяці дзён павінны адбыцца спатканні сваякоў з пінчукамі-палітвязнямі з другой групы абвінавачаных па “пінскай справе”. Адпаведныя заявы былі складзеныя на мінулым тыдні, адразу пасля апеляцыйнага працэсу.
Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што дзесяць палітвязняў пакуль знаходзяцца ў Баранавічах:
– Зараз усе знаходзяцца ў СІЗА Баранавічаў. Сваякі палітвязняў напісалі заявы і ім ужо далі дазвол на спатканні. На працягу 10 дзён у іх будзе час туды з’ездзіць – у Баранавічы на спатканні. І потым ужо будуць размяркоўваць і этапаваць па розным калоніям. Каго куды мы яшчэ дакладна не ведаем.
Нагадаем, што пінчукі з другой групы абвінавачаных па “пінскай справе” атрымалі ад 4 да 5,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Палітвязні з прысудам не пагадзіліся і склалі скаргі, але 3-га верасня Берасцейскі абласны суд разгледзеўшы апеляцыі, пакінуў пакаранне без зменаў.
Беларускае Радыё Рацыя