Сваякі памерлага Міхаіла Рыштоўскага дамагаюцца справядлівасці і законнасці



Сваякі памерлага ад анкалагічнага захворвання адразу пасля дэмабілізацыі з войска 26-гадовага Міхаіла Рыштоўскага працягваюць дамагацца справядлівасці і законнасці, хаця ўлады спрабуюць пакласці справу пад сукно. 

Міхаіл Рыштоўскі памер ад раку страўніка 4-й ступені 20 ліпеня 2019 года.

Па словах яго сястры, Марыі Грыцкевіч, брата прызвалі на службу, а служыў ён у Слоніме, магчыма ужо хворым. Але зараз яго не прызнаюць ваеннаабавязаным, таму што памёр пасля дэмабілізацыі. Яна дабіваецца, каб Міністэрства абароны прызнала яго ваеннаабавязаным.

– Мой брат або захварэў у арміі, або яго забралі з анкалогіяй. У “самаволку” ён пайсці не мог і лячыцца самавольна. Таму армія, у любым выпадку, несла за яго адказнасць. Да апошняга дня ён быў у арміі, пакуль не выявілі хваробу. Сам ён не мог сабрацца і пайсці, таму што гэта таксама пераследуецца законам.

„Таму мы хочам дамагчыся, каб страхавая кампанія выплаціла нам страхоўку, якая павінна быць па законе. Яна нам патрэбна не для сябе, а каб паставіць годны помнік Міхаілу,” – кажа Марыя Грыцкевіч.

„Арганізацыя „Прававая дапамога насельніцтву” ўжо палову года займаецца грамадскім расследаваннем смерці Міхаіла Рыштоўскага, – кажа кіраўнік гэтай арганізацыі Алег Волчак. – І мы прыйшлі да высновы, што ёсць парушэнні з боку дактароў.”

– Якія не даглядзелі, не слушны дыягназ паставілі на прызыве. І затым яму не аказвалі першую неабходную кваліфікаваную медычную дапамогу, што прывяло да развіцця раку 4-й ступені. На сённяшні момант следства адмаўляецца распачаць крымінальную справу, хаця ў іх ужо ёсць інфармацыя адносна віны ўрачоў, якія не даглядзелі.

Але гэты працэс неабгрунтавана зацягваецца. І таму тое, што адбываецца, можна лічыць фальсіфікацыяй юрыдычных нормаў, каб не прызнаваць сваю віну і не плаціць кампенсацыі, – лічыць Алег Волчак.

Беларускае Радыё Рацыя