Сваякі рэпрэсаваных наведалі месца масавых расстрэлаў пад Воршай
Тут, ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, яны запалілі свечкі ў памяць пра сваіх родных, усклалі кветкі да помнікаў і крыжоў, пастаўленых каля сімвалічнага камня-помніка.
Але нашчадкі рэпрэсаваных дбаюць не толькі пра захаванне памяці. Яны займаюцца і даследчыцкай працай: шукаюць звесткі пра “расстрэльныя справы сваіх родных. Вадзім Філіповіч распавёў пра свой першы досвед:
– Даведаўся, што людзі пішуць запыты, напісаў у КДБ, сказалі прыйсці, узяць з сабой ручку і паперу. Супрацоўнік знаёміў са справай: чытаў яе, я запісваў. У рукі справу мне не далі. З яе я даведаўся, што разам з маім прадзедам у адзін дзень быў арыштаваны і расстраляны ягоны родны брат. Я спытаўся ў супрацоўніка: “Дзе?” Ён сказаў: “Не ведаю. Недзе ў Воршы. І не спрабуйце даведацца. Ніхто ніколі не даведаецца”.
Чаму ў Беларусі не хочуць зрабіць даступнымі звесткі з архіваў КДБ? Разважае Ларыса Арэшына, унучка рэпрэсаванага:
– Можа, там нашчадкі працуюць тых, што расстрэльвалі? Ці проста людзі з псіхікай тых, былых НКУСаўцаў? Калі Шуневіч апранае форму НКУС і кажа, што гэта гонар. Ці калі наш галоўны падчас суботніку на лініі Сталіна кажа, што Сталіну варта паставіць помнік. За расстрэлы, ці што?
Страшная праўда пра расстрэлы на Кабыляцкай гары адкрылася яшчэ ў савецкія часы: падчас будаўніцтва чыгункі ў 1982 годзе тут знайшлі дзясяткі чарапоў з кулявымі адтулінамі. З ініцыятывы ўнучкі расстралянага Дзіны Кацар ва ўрочышчы з’явіліся адмысловыя ўказальнікі, каб жалобнае месца мог лёгка знайсці кожны ахвотны.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота аўтаркі