Сведка пра страшныя знаходкі на Кабыляках у 80-ых



У 80-ыя гады былі выяўленыя асноўныя месцы сталінскіх расстрэлаў у Воршы. У верасні 1982-га ў лесе на Кабыляцкай гары пад Воршай пры будаўніцтве была знойдзеная яма з целамі 50 расстраляных. У тым жа годзе афіцыйная камісія “савецкіх і адміністратыўных органаў” прызнала, што гэта расстрэлы савецкіх часоў.

Сярод сведкаў страшных знаходак у Кабыляках быў Двізаў Станіслаў Мікалаевіч, 1950 года нараджэння, які напачатку 1980-ых працаваў у будаўнічым трэсце №18 г.Воршы.    

На яго вачах  падчас будаўніцтва ў раёне Кабыляцкай гары будынку дарожна будаўнічага ўпраўлення рабочыя знайшлі чарапы з харэктэрнымі адтулінамі ад куль:

Станіслаў Двізаў распавялае: „Я вельмі добра памятаю той дзень. Працаваў майстрам  у трэсце №18. Гляджу – рабочыя пабеглі, я думаю: Што такое? Куды яны пабеглі? І я пайшоў, гляджу ляжаць прастрэленыя чарапы. У чарапах “дзірачкі” Хто? Што? А пасля старажылы расказалі мне, што там быў расстрэл. Гэта было ў Кабыляках. Там роў, старажылы мне расказвалі, што там расстрэльвалі рэпрасаваных”.

Станіслаў Мікалаевіч таксама быў сведкам таго, як пры будаўніцтве Дубровенскага ільнозавода раскапалі нямецкія могілкі часоў Другой сусветнай вайны, ён распавядае і пра гэта: “Потым я будаваў ільнозавод у Дуброўна. І таксама рабочыя-мантажнікі пабеглі. І адзін паказвае – чэрап. Гэта нямецкія могілкі былі часоў Другой сусветнай вайны. А на могілкх нельга нічога будаваць. Не важна – вораг ці не вораг там пахаваны”.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя