Светлагорскі ЦКК стварыў экалагічную праблему ў рэгіёне



Жыхары горада Светлагорска і вёскі Якімава Слабада, якія знаходзяцца каля новага завода па вытворчасці беленай целюлозы на сабе адчулі шкоднае ўздзеянне новай хімічнай вытворчасці. Людзі скардзяцца на ваніты, кашаль, невыносны ды ўстойлівы смурод, які нагадвае кіслую капусту – усе гэтыя з’явы назіраліся пры выкідах небяспечнага газу метылмеркаптану.

Кажа прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Светлагорску Алена Маслюкова:

– Маніторылі сітуацыю перыядычна. Колькі разоў я  там была. Але гэта невыносна. У той дзень, калі ўдыхнула некалькі разоў, адразу пачало ванітаваць. Пачала балець галава. З’явілася слабасць, млявасць. Людзі, якія там доўга знаходзіліся, то кажуць, што пачалі вочы слязіцца, дыхаць было вельмі цяжка, асабліва дзецям. Адна жанчына вельмі моцна скардзілася, што ў дзіцяці астма, яго вывелі гуляць на вуліцу як раз, калі былі гэтыя моцныя пахі. Дзіця задыхалася.

Кіраўніцтва завода і мясцовыя ўлады да апошняга не каментавалі выкіды небяспечнага газу і толькі пад ціскам грамадскасці прызналі факты выкідаў метылмеркаптану. Праўда, надалей ўсімі сіламі спрабуюць спыніць пратэсты мясцовых жыхароў супраць шкоднай вытворчасці, дадае Алена Маслюкова.

– У нас дзяржава такая, што яна да людзей не прыслухоўваецца. Бо закон пішыцца для нас, але ён ніколі не выконваўся і не выконваецца. Канешне, улады ціснуць. Мне колькі людзей скардзілася, але прасілі не называць іх прозвішчы. Праз дзяцей пачынаюць ціснуць на гэтых пенсіянерак: калі вы сваю маці не супакоеце, то ці працягнем мы з вамі кантракт, гэта яшчэ трэба падумаць. Вось такім нізкім шантажом пачынаюць займацца.

Завод па вытворчасці беленай цэлюлозы пабудаваны па ўказу Аляксандра Лукашэнкі на кітайскія грошы і кітайскімі будаўнікамі. Яго кошт ацэньваецца ў 700 мільёнаў даляраў ЗША. Мясцовыя жыхары не разлічваюць, што завод са шкоднай вытворчасцю закрыюць, але прынамсі хочуць, каб падобных выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу больш не адбывалася.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя