Свінства ад мясцовых уладаў
Дзевяцьсот тысячаў рублёў штрафу прызначыў Гарадзенскі райвыканкам Галіне Дзербыш, жыхарцы вёскі Абухава, за нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – за ўтрыманне свінняў у карантыннай зоне.
Цікава тое, што Галіна Дзербыш не з’яўляецца работніцай свінагадоўчай галіны, на каго распаўсюджваецца забарона. Таксама пратакол складзены з парушэннямі, і страціў сілу, бо на час складання пратаколу свінняў у гаспадарцы Галіны Дзербыш ужо не было. Кажа аштрафаваная:
– Дзесьці 25 жніўня мы зарэзалі свіней, а пратакол яны склалі 8 снежня. Пайду да юрыста, бо іхныя дзеянні неправамоцныя, і буду падаваць у суд.
У жніўні гэтага году ў вёсцы Саволеўка ды аграмястэчцы Абухава праводзіліся рэйды ветэрынарнага лекара раёна Васіля Яромы з мэтай выяўлення і пакарання жыхароў, якія гадавалі свінняў у сваіх гаспадарках.
Цяпер у вёсках не засталося ў асабістых гаспадарках ані кароў, ані сьвіней.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара