Свіслацкага актывіста чакае суд за Дзень памяці паўстанцаў



10 лістапада да грамадскага актывіста са Свіслачы Юрыя Глебіка заявілася тройка прадстаўнікоў міліцыі з мясцовага РАУС. Яны паведамілі, што ў дачыненні да актывіста складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

31 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 года, на які з розных гарадоў Беларусі прыехала больш за сто чалавек. Міліцыя здымала ўдзельнікаў Дня памяці на відэа. У той дзень затрыманняў не было.

Па словах Юрыя Глебіка, праграма сёлетняга мерапрыемства была традыцыйнай:

– Пакуль склалі пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Невядома ці будуць перадаваць справу ў суд. Пакуль я першы, там яшчэ невядома. Проста ў Свіслачы хутчэй даходзіць, бо тут менш людзей жыве, а больш міліцыянтаў. Потым у Гародні будзе ці там далей. Ці яны менш загружаныя дык. Няма яшчэ позвы пакуль.

Падпісваць пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне Юрый Глебік адмовіўся. Нагадаем, што год таму менавіта на яго таксама першым быў складзены аналагічны пратакол, і актывіст быў аштрафаваны.

Пасля ў розных судах Беларусі ў Свіслачы, Гародні, Кобрыне, Ваўкавыску, Лідзе і Шклове былі аштрафаваныя яшчэ 17 удзельнікаў Дня памяці.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя