Беларуса, які спрабаваў падпаліць помнік Ельцыну, не дэпартуюць
Свярдлоўскі абласны суд прыняў рашэнне не дэпартаваць з Расеі грамадзяніна Беларусі Ігара Шчуку, якога падазраюць у спробе падпаліць помнік Барысу Ельцыну ў Екацярынбургу.
Як гаворыцца ў паведамленні суда, размешчаным на яго сайце, адмененая пастанова Верх-Ісецкага раённага суда Екацярынбурга аб дэпартацыі грамадзяніна Шчукі „ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння”. „Вытворчасць па справе спыненая”, — паведамляе абласны суд.
Раней паведамлялася, што Верх-Ісецкі раённы суд Екацярынбурга пастанавіў выдварыць з Расеі Шчуку, які спрабаваў падпаліць помнік першаму прэзідэнту Расеі.
Шчука 7 лістапада спрабаваў падпаліць размешчаны каля „Ельцын Цэнтра” помнік, аднак зрабіць гэта яму перашкодзіла ахова цэнтра. Супрацоўнікі паліцыі затрымалі падпальшчыка. Шчука раней судзімы па артыкулах Крымінальнага кодэкса РФ „Распальванне нянавісці альбо варожасці, а роўна знявага чалавечай годнасці” і „Абраза прадстаўніка ўлады”. БелаПАН