Свята 100-годдзя БНР у Пружанах удалося
У Пружанах адзначылі 100 гадоў БНР. Нягледзячы на тое, што ўлада зняла палову запланаванай праграмы і забараніла ўскладаць кветкі да помніка Рыгора Шырмы, кажа старшыня Пружанскага Таварыства беларускай мовы Тэрэса Жыгалава:
– Мы сабраліся ля музычнай школы, пасля чаго пайшлі ў Палац культуры. Там у нас адбыўся канцэрт. Выступалі нашы паэты, чыталі свае вершы. Легіянеры Чырвонага крыжа заспявалі дзве беларускія песні. Была свая, пружанская група «Сцяг», якая заспявала на беларускай мове свае песні. Быў хлопчык-ілюзіяніст, які паказваў розныя фокусы.
Кветкі былі ўскладзены напярэдадні, а 25-га стаяў яшчэ адзін кошык з кветкамі ад невядомых прыхільнікаў беларускасці.
Цікавосткай праграмы была выстава пра дзеячаў БНР. Выставу арганізаваў музей “Пружанскі палацык”.
Адкрыў мерапрыемства 92-гадовы адраджэнец, старэйшы захавальнік беларускасці Іван Здановіч. Ён наўмасна прыехаў з Берасця, дзе жыве цяпер у дзяцей.
Удзельнікі свята атрымалі бел-чырвона-белыя банцікі, частаваліся караваямі і спявалі разам гімн “Магутны Божа”. Свята цягнулася з 12 гадзін да позняга вечара.
Беларускае Радыё Рацыя, Пружаны