Свята Гародні прапануюць перанесці
Адзначаць свята горада у трэці выходны верасня прапанаваў гарадзенцам старшыня гарадскога выканаўчага камітэту Мечыслаў Гой. Дагэтуль, як мяркуе чыноўнік, гэты дзень адзначаўся 16-га ліпеня, як дзень вызвалення ад нямецкіх акупантаў.
Гарадзенскія краязнаўцы неадназначна ставяцца да дня горада ў канцы верасня.
На думку Алеся Госцева, суаўтара вядомага зборніка пра гісторыю Гародні „Кронан”, такім днём можа стаць і іншая дата.
– Гэта дзень даравання гербу аленя святога Губерта і Магдэбургскага права, дзень святога Губерта, а таксама дзень атрымання адзінай дзяржаўнай узнагароды. Менавіта 29-га верасня Гародня атрымала адзіную дзяржаўную ўзнагароду за ўсе часы. Мы маем права і сёння ганарыцца гэтай узнагародай – гэта ордэн Працоўнага Чырвонага сцягу, якім Прэзідыўм Вярхоўнага Савету ўзнагродзіў Гародню з нагоды 850-ці годдзя з часу заснавання. Хацелася бы, каб улады паставіліся ўважліва і да 11 ліпеня, і да 3-га лістапада. Мне бы вельмі хацелася бы, каб улады афіцыйна далучаліся да гэтых датаў.
Пакуль не вызначана, які ж будзе фармат свята. На сайце аблвыканкама прапаноўваецца гарадзенцам далучыцца да абмеркавання.
Краязнаўцы Гародні мяркуюць, што было б добра, каб улады спрыялі грамадскасці у адзначэнні асобных дзён у гісторыі Гародні. Але і з рашэннем пра вераснёўскі дзень горада, з пункту гледжання масавасці свята – пагаджаюцца.
Беларускае Радыё Рацыя