Свята ў гонар Маці Божай Фацімскай у Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі



Новы беларускі святар Сяргей Ганчароў – манах рэдэмптарыст – правёў сваю прыміцыйную літургію ў Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Ён будзе працаваць ва Украіне.

Ягоны візіт у Гародню супаў са святам Маці Божае Фацімскай, якое з’яўляецца прастольным у азначанай парафіі. Парафіяне і госці віталі новасвятара Мнагалеццем, а сам Сяргей Ганчароў падзяліўся з нашым радыё сваімі адчуваннямі ў ролі святара.

– Для мяне свята ў Гародні асаблівае, таму што я, калі быў дыяканам, меў тут практыку. Для мяне парафія складаецца з людзей знаёмых і блізкіх мне. Прыміцыйная служба ў парафіяльны фэст – гэта вялікае блаславенне. Бо прыміцыйная служба – гэта калі святар новавысвечаны мае свае першыя літургіі на парафіях, дзе ён ужо быў, з якімі звязаны. І ўжо прадстаўляецца на іх у новым стане.

У Грэка-каталіцкай парафіі ствараецца ўласны музей, з экспанатаў, якія сведчаць пра доўгую прысутнасць Беларускай Каталіцкай Царквы, а таксама пра месца Царквы ў жыцці Гародні апошнія дзесяцігоддзі, калі яе дзейнасць ізноў легалізавалася, пасля часоў камуністычнага пераследу. Кажа парах айцец Андрэй Крот:

– Наш музей – гэта пакуль што шэраг экспанатаў, якія мы збіраем, каб паказаць гісторыю Грэка-каталіцкай Царквы ўвогуле і ў прыватнасці тут, у Гародні. Гэта старажытныя кнігі, выданні 18 стагоддзя базыльянскія, супрасльскія і віленскія, іншыя артэфакты. Між іншым, аблачэнне, у якім служылася першая служба адроджанай Грэка-каталіцкай Царквы ў 90-я гады. Аблачэнне нашага першага параха айца Віктара Данілава – вязня сталінскіх лагероў і вялікага апостала хрысціянскай веры.

Набажэнствы ў Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве вядуцца на беларускай мове. Напэўна таму яна гэтак прыцягвае да сябе прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Фэст у гонар Маці Божай Фацімскай традыцыйна закончыўся супольным пачастункам, ці агапай. Будынак парафіі знаходзіцца ў самым цэнтры Гародні, на вуліцы Гараднічанскай, дом 32А.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня