Свята, якое яднае: у Менску адзначылі Дзень роднай мовы



Заспяваць хіты па-беларуску, прайсці квэст на веданне мовы, а таксама пачуць выступы гуртоў ды пісьменнікаў. У менскай кавярні ”Грай” прайшоў вялікі канцэрт да Дня роднай мовы.

“Сабралася агулам больш за пятьсот чалавек. Я вельмі перажываў, каб усе людзі патрапілі на канцэрт. Ужо традыцыйна пяты год мы робім Свята роднай мовы на розных пляцоўках. Прыемна, што ў гэтым годзе далучыліся такія вядомыя брэнды як гадзіннікавы завод «Луч» ці Mark Formelle. Адметна, што невялікія, разнастайныя ініцыятывы ў гэты дзень адбываюцца паўсюль – у школах, універсітэтах, на прадпрыемствах. Спадзяюся, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і надалей”, – адзначае кіраўнік крамы symbal.by Павал Белавус.

Адмыслова да свята каманда SAY.BY прэзентавала мабільны дадатак для тых, хто хоча паспрабаваць пачаць размаўляць па-беларуску ў штодзённым жыцці. А шоў “Самшазам” зладзіла спаборніцтва на веданне беларускіх хітоў.

“У Арт-Сядзібы каля дваццаці валанцёраў і 90% з іх карыстаецца мовай штодзённа. Такія прыклады вельмі натхняюць”, – распавёў дырэктар Арт-Сядзібы Алесь Снег:

“Я бачу, што сюды завітала і здымачная група дзяржаўнага тэлеканала АНТ, а таксама і кіраўнік БРСМ. Вельмі важна, што гэтае свята яднае людзей. Яны такім чынам адзначюць, што беларуская мова – блізкая. Беларуская мова – родная. Беларуская мова – гэта незалежнасць. Беларуская мова – гэта каштоўнасць нацыі. Зараз сярод нас зараз з“яўляецца новае пакаленне моладзі, якое нарадзілася ў 2000-ыя і размаўляе па-беларуску. Агулам мы назіраем пазітыўную тэндэнцыю – беларускай мовы робіцца больш у розных сферах, людзі не баяцца спрабаваць размаўляць на ёй”.

Да святочнага канцэрта далучыліся шматлікія паэты і музыкі, сярод іх гурт AKUTE, UZARI, рэпер ANGST, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Стась Карпаў ды Марыя Мартысевіч.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы святочныя імпрэзы прайшлі таксама ў Гародні, Берасці ды Магілёве. Арганізатары адзначаюць, што для тых, хто не заспеў прыграмы ў гэты дзень могуць наведаць свята роднай мовы ў віцебскім клубе Арт-пабе “Торвальд” 22 лютага, а 23 у бабруйскім тайм-клубе “1387”

Матэрыял цалкам слухайце ў далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара