Свята Яна Хрысціцеля ў Мосары



24 чэрвеня каталікі адзначаюць свята Яна Хрысціцеля. У касцёле Святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна таксама адбыліся ўрачыстасці ў гонар гэтага святога.

Святочнае набажэнства ў касцёле вёў дэкан Ян Пугачоў з Германавічаў Шаркоўшчынскага раёна, дапамагалі яму ў гэтым ксёндз Віталь Галец з Ушачаў ды мясцовы пробашч Марат Казлоўскі.

На свята прыйшлі не толькі мясцовыя вернікі, але і прыехалі людзі з іншых парафій Віцебскай дыяцэзіі. Але, паводле вернікаў, сёлета на фэст Святога Яна прыехала менш людзей, чым летась і пазалетась.

– Мала сёння. Тут было летась – і ў двары, і ў касцёле. Гэта мала сёння.

– У Бога верым, ды і ходзім.

РР: Дапамагае?

– Канешне. Суставы хворыя пасля шкоднай працы. Але трымаюся. Я дык веру ў Бога.

– Прыязджаем, як атрымліваецца, кожны год. Гэта такая парафія, што лечыць людзей. Вада свянцоная. Месца святое. Прыязджаем менавіта на фэст, таму што гэта фэст Яна Хрысціцеля. З даўніх часоў тут ладзіцца.

Падчас свята адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта, маленне за парафію, жыццё без граху п’янства і працэсія Божага Цела. Вернікі таксама змаглі пакланіцца рэліквіям Святога Юстына, якія знаходзяцца ў касцёле. Напрыканцы свята ксёндз Віталь Галец асвяціў ахвотным мосарскую крынічную ваду.

Таццяна Смоткіна