Святар Андрэй Крот: Трэба зрабіць маленькую Царкву дома



У календары хрысціянаў, беларускіх каталікоў рымскага і грэцкага абрадаў, Вялікая пятніца – успамін пра пакутніцкую смерць на крыжы Сына Божага – Ісуса Хрыста.

„Госць Рацыі” айцец-дэкан Беларускай грэка-каталіцкай царквы Андрэй Крот:

– Вітаю шаноўных слухачоў Радыё Рацыя! Хацеў бы падзяліцца сваімі ўражаннямі, перажываннямі гэтага Вялікага тыдня. У першую чаргу мне здаецца, што гэты Вялікі пост Госпад неяк так асабліва зрабіў для нас такім посным, пакутным, часам сапраўды ў такой цішы.  Дзякуючы гэтым не вельмі прыемным і часамі нават вельмі страшным падзеям, якія адбываюцца ў свеце – эпідэміі, пандэміі, людзі вымушаныя адкласці нейкія свае забаўляльныя актыўнасці, адкласці нават сваю працу часамі, застацца, засяродзіцца сам-насам з сабой, з Богам, са сваімі думкамі са сваімі праблемамі і з крухасцю свайго быцця.

Што ж датычыць Вялікай пятніцы, то сапраўды ў гэты дзень адбываецца пакланенне плашчаніцы, выяве, якая сімвалічна азначае пахаванага Хрыста. У рымскім абрадзе – гэта таксама пакланенне крыжу. Я хачу сказаць, што гэта менавіта пакланенне, якое часта суправаджаецца цалаваннем сімвалічных выяваў Хрыста, які церпіць. Хачу падкрэсліць, што гэта пакланенне – галоўнае паклон. Галоўны жэст – гэта такі жэст нашага прыніжэння, нашага памяншэння перад Хрыстом, які церпіць. Таму традыцыйна гэта быў пацалунак той святыні – крыжа, плашчаніцы, той святыні, якая сімвалізавала Хрыста распятага, Хрыста памерлага. Зараз такая сітуацыя ў свеце, такая абстаноўка, таму можна адмовіцца ад гэтага жэсту і зрабіць яго трошкі пазней, зрабіць яго тады, калі небяспека адыдзе.

Я хачу падкрэсліць, што тыя, хто па нейкіх прычынах не можа быць у святыні ў гэты дзень таксама могуць перажыць пакланенне Хрысту, прачытаць тыя ж тэксты Евангелля, якія чытаюцца ў гэты дзень у царкве, у касцёле на Вялікую пятніцу. Можна паставіць на цэнтральным месцы ў сваім доме выяву Хрыста ўкрыжаванага і пакланіцца гэтай выяве. Я нядаўна вычытаў такую цікавую думку, што часта нашая вера, нашае хрысціянства зводзіцца да таго, што мы наведваем царкву, наведваем касцёл, а ў гэтыя часы не заўсёды гэта можна зрабіць, не заўсёды гэта бяспечна, таму нам трэба неяк па-іншаму выяўляць сваю веру ў сваёй сям’і, у сваім доме, у месцы, дзе мы жывем, дзе мы знаходзімся, зрабіць такую маленькую Царкву прынамсі на час гэтай эпідэміі, каб потым уліцца ў тую вялікую супольнасць да якой мы належым. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня