Святаслаў Барановіч, які адбіваў анархістаў ад міліцыянераў, асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі



Святаслаў Барановіч, які адбіваў анархістаў ад супрацоўнікаў міліцыі пасля „Маршу недармаедаў” у Менску ў сакавіку мінулага года, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне прыняў 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Менска.

Барановіча прызналі вінаватым у нанясенні ўдараў супрацоўніку міліцыі.

Бойка адбылася 15 сакавіка ў тралейбусе № 37 на прыпынку „Плошча Бангалор” пасля акцыі, якая была санкцыянаваная сталічнымі ўладамі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным затрымалі групу маладых людзей, якія селі ў тралейбус пасля маршу, у іх ліку былі анархісты. Некалькі чалавек, у тым ліку Барановіч, спрабавалі дапамагчы анархістам адбіцца ад сілавікоў.

Барановіч быў затрыманы праз паўгода, у пачатку кастрычніка, і змешчаны ў СІЗА № 1 Менска. Увесь час да суда ён знаходзіўся ў зняволенні.

Характэрна, што міліцыянер, які праходзіў па справе як пацярпелы, на судзе заявіў, што не мае ніякіх прэтэнзій да падсуднага.

Сам Барановіч прызнаў сябе вінаватым, але заявіў, што не ведаў, што гэта быў супрацоўнік міліцыі, паколькі формы на пацярпелым не было.  БелаПАН