Святая Імша за славутых людзей Беларусі
24-га снежня а 12 гадзіне ў менскім касцёле святых Сымона і Алены будзе адслужана Святая Імша за славутых людзей Беларусі.
Ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк зазначае, што іх душы цяпер перад Госпадам і нам вельмі важна за іх маліцца:
– Наколькі мы памятаем духоўна, настолькі духоўна перадаецца іх моц наступным пакаленням. Трэба, каб мы маліліся за ўсіх славутых людзей, якія жылі ў Беларусі, каб іхны дух перадаваўся маладому пакаленнню. А тым самым адраджалася Беларусь у духоўным плане.
24 снежня – не толькі пярэдадне Калядаў паводле Грыгарыянскага календара, але таксама Дзень нараджэння Адама Міцкевіча, таму адразу пасля Святой Імшы ў менскім скверы яго імя адбудзецца традыцыйнае калядаванне.
– Гэта дзень нараджэння Адама Міцкевіча, і ў нашай даўняшняй традыцыі ісці з калядой да ягонага помніка. Там мы калядуем, дэкламуем ягоныя вершы, таксама выступаюць розныя гурты. Людзі віншуюць адзін аднаго, дзеляцца аплаткамі.
Ксёндз Уладыслаў таксама зазначыў, што калядаванне ў скверы Міцкевіча – гэта магчымасць для касцельнай супольнасці праславіць Бога па-за мурамі касцёлаў.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота evrosaid.livejournal.com