Святая крыніца ў Жыровічах за дзень да Вадохрышча
Паэт са Слоніма Алег Лойка некалі напісаў пра Жыровічы паэму, яна мае назву “Посах душы”. Сама вёска Жыровічы знаходзіцца кіламетраў дзесяць ад Слоніма. Цяпер тут дзейнічаюць праваслаўныя духоўныя акадэмія і семінарыя. Але Жыровічы вядомы яшчэ тым, што тут у XVI стагоддзі быў заснаваны манастыр базыліян з цэрквамі і семінарыяй. І сёння Жыровічы — гэта беларуская праваслаўная Мекка. Сюды з усіх куткоў свету спяшаюцца вернікі, спяшаюцца да жыровіцкай святыні з комплексам храмавых і манастырскіх пабудоў, што захаваліся да нашых дзён. Жыровіцкая святыня цікава не толькі як унікальны праваслаўны рэлігійны асяродак, але і як помнік архітэктуры і гісторыі, як сімвал складанага і нялёгкага лёсу беларусаў. А побач з Жыровічамі — струменіць святая крыніца. Кожны, хто бывае ў Жыровічах, абавязкова набірае з сабою вады з гэтай крыніцы. Алег Лойка з крыніцы і пачынае сваю Жыровіцкую паэму:
Стаяла ў лесе крыніца,
А ў крыніцы — вадзіца,
Над вадзіцай — груша,
Да грушы — душою рушу.
Рушу я да крыніцы —
Вады святое напіцца,
Рушу да светлае грушы —
Светла на грушу дзівіцца.
Між пастушкамі стану,
Малітву з сэрца дастану,
Пець, пакуль сілы хваціць,
Жыровіцкай Багамаці…
Паводле народнай легенды, у 1470 годзе на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Успенскім саборы.
[Not a valid template]
Да 1939 года каля святой крыніцы знаходзілася капліца, асвячоная ў гонар Успення Божай Маці. Але з прыходам савецкай улады капліца была разбурана. Дык вось, на месцы з’яўлення нерукатворнага абраза Багародзіцы (1470 год) і б’юць — роўна з тае пары — цудатворныя крыніцы. Іх нікому не ўдалося знішчыць і ніколі не ўдасца. Цяпер вада струменіць ў засені дрэў, пад дахоўкай. А літаральна побач — за якія 20 крокаў — яшчэ ёсць і купель, дзе можна акунуць усё цела. Тая купель у атачэнні драўлянага зруба. Наогул, вакол святой жыровіцкай крыніцы з кожным годам добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Сюды з усяго свету спяшаюцца вернікі, каб набраць святой жыровіцкай вады. Многія людзі зімой і летам купаюцца ў купелі. Але, як кажуць мясцовыя людзі, што не было выпадку, каб пасля купелі — нават узімку — нехта захварэў. На тое, маўляў, і святая вада, што прыносіць душэўнае і цялеснае збаўленне ад нядужання.
Наш карэспандэнт за дзень да Вадохрышча пабываў каля святой крыніцы ў Жыровічах. Шмат машын з Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай вобласці стаялі на пляцоўцы каля святой крыніцы. Людзі з бутэлькамі, слоікамі спяшаліся набраць святой вяды ці купіць у мясцовых іконных ларках. Нават чарга ўзнікла каля жыровіцкай крыніцы. Вядома ж, заўтра 19 студзеня будзе Вадохрышча – зімовае свята народнага календара, якім завяршаюцца Каляды. У гэты дзень ва ўсіх праваслаўных цэрквах адбудуцца асвячэнні вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара.