Святкаванне 26-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў Нью-Ёрку
27 жніўня ў Саборы БАПЦ Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылося святкаванне 26-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі. З прамовай-успамінам пра падзеі жніўня 1991 года выступіў Зянон Пазьняк. Таксама ён зноў узняў тэму пагрозы беларускай незалежнасці ў выніку расейскіх вайсковых вучэнняў.
У гэты ж час угодкі незалежнасці адзначалі беларусы канадскага Таронта. Яны таксама слухалі прамову Зянона Пазьняка праз скайп.
Далей імпрэзу працягнулі літаратурныя чытанні з удзелам Сяргея Кудзеліча, Аляксандра Сачнёва, Алены Крывецкай і Святланы Казачок. Яны працытавалі патрыятычныя словы Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, вершы Янкі Купалы і Ларысы Геніюш – тых, хто цягам вякоў набліжаў дзень, калі Беларусь здабудзе ўласную дзяржаўнасць.
Затым з высокамастацкім чытаннем вершаў Янкі Купалы выступіла Галіна Пазьняк.
Яшчэ адной нагодай для свята сталася прэзентацыя кнігі патрыярха беларускай эміграцыі Вітаўта Кіпеля „Беларусы ў ЗША”. Гэта другое, дапоўненае выданне манаграфіі, якая ўяўляе сабой падрабязную гісторыю беларускай прысутнасці ў ЗША, пачынаючы з XVIII стагоддзя і да нашых дзён.
[Not a valid template]
У суботу, 26 жніўня, беларусы з Філадэльфіі правялі мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў незалежнасці Беларусі.
Віктар Дудараў, для Беларускага Радыё Рацыя