Святкаванне Дня Волі ў Таронта



У нядзелю 20 сакавіка Згуртаванне Беларусаў Канады адзначыла 98-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі сьвяточным шэсьцем з бел-чырвона-белымі сцягамі па цэнтральнай вуліцы Таронта – найбуйнейшага гораду Канады.

20160320_123905_пачатак_шэсьця

20160320_124114_пачатак_шэсьця

Пасля службы ў царкве св. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) удзельнікі скіраваліся ў парк Крысці, дзе прайшоў кароткі мітынг. Было адзначана, што 20 сакавіка падвойная дата: акрамя гадавіны Дню Волі ў той жа дзень 10 гадоў таму на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкім пл.) ў Менску былі ўсталяваныя першыя намёты і пачалася варта, якую шмат хто кліча «Беларускім Майданам».

20160320_125143_шэсьце

20160320_125946_шэсьце (1)

20160320_130902_шэсьце

20160320_130914_шэсьце

Шэсьце прайшло вуліцай Блюр (адна з двух цэнтральных вуліц Таронта) да Беларускага Цэнтру, што на скрыжаваньні з вуліцай Лэнсдаўн. Падчас шэсьця ўдзельнікі скандавалі «Freedom to Belarus!» («Свабоду Беларусі!»), «Жыве Беларусь!».

20160320_132222_шэсьце

Таксама было ўзгаданае імя украінскай змагаркі Надзеі Саўчанкі, што знаходзіцца ў пуцінскіх засьценках: заклік «Freedom to Savchenko!» («Свабоду Саўчанка!») лунаў па-над вуліцамі Таронта. Улады гораду забясьпечылі суправаджэнне паліцэйскіх на роварах.

20160320_132901_заканчэньне_шэсьця

Па сканчэньні шэсьця ў Беларускім Цэнтры адбылася ўрачыстая імпрэза. Са святочным зваротам па тэлефоне з ЗША (дзе напярэдадні адбывалася паседжаньне Рады БНР) да ўдзельнікаў мерапрыемства зьвярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна адзначыла, што Беларусь ёсьць незалежнай, але не свабоднай і яе мара – перадаць паўнамоцтвы Ураду ў выгнаньні дэмакратычнаму ўраду новай вольнай Беларусі.

2Кошалеў

Сакратар Галоўнай Управы ЗБК Віталь Кошалеў (на здамку) падрабязней распавёў аб падзеях у Менску ў 2006 годзе, удзельнікам якіх ён быў сам, жывучы тады ў Беларусі. Таксама прагучаў заклік да прэм’ер-міністра Канады далучыць свой голас у падтрымку Надзеі Саўчанкі да галасоў Прэзідэнтаў ЗША і краін Еўразвязу.

Сябра Рады БНР Алесь Кот распавёў пра гістарычную місію Рады, а таксама прадставіў калекцыю партрэтаў Прэзідэнтаў БНР, што будзе дададзеная да галерэі ў Беларускім Цэнтры ў Таронта.

Напрыканцы афіцыйнае часткі слова ўзяў Барыс Кірка, бадай найстарэйшы сябра ЗБК. Ён заклікаў беларусаў да еднасці, а таксама падтрымаў ідэю шырэйшага ахопу беларускай грамады Канады праз культурніцкія мерапрыемствы (як, прыкладам, серыя ўрокаў «Мова Нанова», што праходзіць сёлета ў Беларускім Цэнтры ў Таронта).

20160320_151431_Святлана_Літвінава

Сапраўды сьвяточны настрой стварыў выступ вядомай сьпявачкі Святланы Літвінавай, якая на працягу 15 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Народныя песьні пра вясну, любоў да Бацькаўшчыны й жартаўлівыя прыпеўкі закранулі ўсіх слухачоў.

P1030698_пірагі

20160320_141654_цукеркі

P1030699_пірагі

Часткай імпрэзы стаўся й сьвяточны стол з пачастункамі, сярод якіх былі пірагі з надпісамі «Воля», «За свабоду», а таксама цукеркі з гербам «Пагоня» часоў абвяшчэньня БНР, і ў сучасным варыянце.

Згуртаванне Беларусаў Канады

Фота: Ірына Тоўсьцік, Алесь Кот, Віталь Кошалеў, Уладзімір Касьцючэнка