Святлана Алексіевіч стала ганаровым сябрам БАЖ
Святлана Алексіевіч стала ганаровым сябрам грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Раней такім званнем уганаравалі беларускага паэта Сяргея Законнікава, расейскага пісьменніка і праваабаронцу Аляксея Сіманава і амерыканскага журналіста Глэя Хасвэла.
Паводле прэс-сакратар БАЖ Барыса Гарэцкага, Святлана Алексіевіч заўсёды была чалавекам, блізкім для журналісцкай супольнасці:
– Мы звярнуліся са сваёй прапановай да спадарыні Святланы, яна ўхваліла, сказала, што абавязкова з задавальненнем стане сябрам БАЖ. На жаль яна не змагла паўдзельнічаць у гэтай цырымоніі таму, што яна знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Проста немагчыма падгадаць пасяджэнне рады, у якім удзельнічала шмат рэгіянальных прадстаўнікоў, але мы абавязкова вышлем ёй віншаванне з прыняццём у нашу арганізацыю.
Таксама “Беларуская асацыяцыя журналістаў” агучыла пераможцаў сёлетняга конкурсу “Вольнае слова”.
Старшыня журы Юрась Карманаў уручыў узнагароды пераможцам у розных журналісцкіх жанрах. У конкурсе ўдзельнічалі 90 журналістаў, якія даслалі больш за 200 матэрыялаў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Менск