Святлана Алексіевіч у нобелеўскай прамове: „Дзякуй, што вы пачулі наш боль”
„Я дзякую Шведскай акадэміі за высокую ўзнагароду, якую ня маю права сабе прысвоіць, я разумею яе, як паклон многім пакаленням савецкіх людзей, якія яшчэ нядаўна жылі разам у велізарнай краіне СССР — марксісцкай лабараторыі светлай будучыні. Як паклон іх пакутам і іх болю.
Яны сыходзілі ў нябыт у сталінскіх лягерах, на шахтах Магадану і Варкуты, атрымлівалі кулю ў патыліцу ў катавальнях НКВД, гінулі на франтах Другой сусветнай вайны і іншых войнаў, якія вяла імпэрыя. Вялікая ідэя бязлітасна пажырала сваіх дзяцей. Ідэям не бывае балюча. Шкада людзей.
У перабудову мы марылі пра свабоду, а апынуліся ў зусім іншым пункце гісторыі. На постсавецкай прасторы замест свабоды расквітнеў аўтататалітарызм розных масцяў — расейскі, беларускі, казахскі… Павольна і няўпэўнена выбіраемся мы з пад абломкаў «чырвонай»імперыі. Адна з гераіняў маёй кнігі «Час second-hand», у якой уся сям’я была высланая ў Сібір і там загінула, са слязамі на вачах спявала, калі мы сядзелі ў яе на кухні:
Утро красит нежным светом Стены древнего Кремля, Просыпается с рассветом Вся советская земля…
Кипучая, Могучая Никем не победимая Страна моя, Москва моя, Ты самая любимая…
Мінуўшчына не выпускала яе з сваіх драпежных абдымкаў. Яе навучылі верыць, у ёй усё яшчэ жыла тая дзяўчынка, у якой Сталін калісьці забраў усё, а яна ўсё адно верыла. У што?
Я хачу расказаць пра маю краіну — Беларусь. У Менску, ў аэрапорце, калі я ляцела ў Варшаву, да мяне падышлі дзьве маладыя дзяўчыны, яны плакалі: «Дзякуй вам! Разумееце, мы цяпер ёсьць! Цяпер усе ведаюць, дзе Беларусь!» Гэтую падзяку я перадаю ўсім вам.
Пасьля жнівеньскага путчу 1991 года, калі Беларусь атрымала незалежнасць, ужо выраслі некалькі пакаленняў. У кожнага з іх была свая рэвалюцыя, яны выходзілі на Плошчу, яны хацелі жыць у вольнай краіне, іх збівалі, адпраўлялі ў турмы, выганялі з інстытутаў, звальнялі з працы. Наша рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць.
Свабода — гэта не хуткае свята, як мы марылі. Гэта — шлях. Доўгі шлях. Цяпер мы гэта ведаем.
Мы ўсе жывем у агульным свеце. Ён называецца — Зямля. У гэтым нашым свеце зрабілася няўтульна. Уключаеш тэлевізар, і там, захлынаючыся ад захапленьня, дыктар расказвае пра новыя вайсковыя самалёты, караблі… На расейскай, ангельскай і іншых мовах. Зноў наступіла эпоха варварства. Эпоха сілы. Дэмакратыя адступае. Узгадваюцца 90-я гады… Тады ўсім нам здавалася — і вам, і нам — што мы ўступілі ў бяспечны свет. Я памятаю дыялогі Гарбачова з Далай-ламам пра будучыню, пра канец гісторыі… Сёння ўсё гэта здаецца прыгожай казкай. Цяпер мы сведкі новай схваткі дабра і зла. Сведкі і ўдзельнікі.
Што можа мастацтва? Мэта мастацтва — назапашваць чалавека ў чалавеку. Але калі я была на вайне ў Афганістане і цяпер, калі размаўляла ва Украіне з уцекачамі з Данбасу, я чула, як хутка злятае з чалавека культура і выпаўзае пачвара. Выкрываецца зьвер… Але я пішу… працягваю пісаць…
Пішу, як вучылі мяне мае настаўнікі, беларускія пісьменьнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якіх у гэты дзень я хацела б прыгадаць з удзячнасцю.
Як вучыла мяне мая ўкраінская бабуля, якая ў дзяцінстве чытала мне «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі напамяць. Пішу, нашто? Мяне называюць пісьменнікам катастрофаў, гэта няпраўда, я ўвесь час шукаю словы любові. Нянавісць нас не ўратуе. Нас уратуе толькі любоў. Я спадзяюся…
На разьвітанне я хацела б, каб у гэтай цудоўнай залі прагучала беларускае слова, мова майго народу:
У адной беларускай вёсачцы старая жанчына праводзіла мяне са словамі: «Хутка мы разыдземся з табой у розныя бакі. Дзякуй табе, што ты слухала мяне і панясеш маю больку людзям. Прашу цябе, калі пойдзеш, агляніся на маю хатку. Агляніся не адзін, а два разы. Другі раз чалавек аглядваецца не па чужынцы, а ўжо з сэрцам…
Я хачу падзякаваць вам за ваша сэрца, за тое, што вы пачулі наш боль.
Аздыёзапіс прамовы Святланы Алексіевіч у далучынм гукавым файле:
Арыгінал прамовы, тэкставая версія
Фота aftonbladet.se