Святлана Завадская атрымала першы ліст ад Змітра Наважылава
Першы ліст са следчага ізалятара ад Змітра Наважылава, які да нядаўняга часу кіраваў інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН, атрымала Святлана Завадская, былая жонка зніклага больш за 21 год назад журналіста Змітра Завадскага. Яна нагадала, што і яе муж, і Зміцер Наважылаў разам працавалі ў бюро расейскай тэлекампаніі АРТ у Менску, якім кіраваў Павел Шарамет, былі сябрамі. І пасля знікнення мужа Зміцер Наважылаў моцна дапамагаў і ёй, і маці Завадскага Вользе Рыгораўне.
„Ён падтрымліваў і дапамагаў нам усе гэтыя больш як 20 год. Таму, канешне, яго арышт для нас стаў шокам”, – кажа Святлана Завадская:
– Вольга Рыгораўна хвалявалася за яго, бо яна яшчэ ў такім стане вельмі цяжкім, хвароба цяжкая ў яе. Таму мы лістуемся са Зміцерам, ён піша, магу зачытаць некаторыя радкі. Вось ён піша, што вельмі ўзрадаваўся, што лісты з волі вельмі падтрымліваюць і надаюць моцы, вялікі дзякуй за гэта. “Я ў цэлым у парадку, наколькі гэта магчыма ў цяперашняй сітуацыі. Намагаюся трымацца, не падаць духам, выратоўвае вера ў Бога, даручэнне сябе яго волі, і, канешне ж, падтрымка родных, сяброў, блізкіх і калег”.
Таксама піша, што вельмі хвалюецца за Вольгу Рыгораўну Завадскую, кожны дзень моліцца за яе і перадае ёй вялікае прывітанне – распавяла Святлана Завадская.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя