Святочнае слова біскупа Аляксандра Кашкевіча да вернікаў гарадзенскай дыяцэзіі



З Святочным словам выступіў да вернікаў гарадзенскай дыяцэзіі яе адміністратар, біскуп Аляксандр Кашкевіч. Драматычны час, у якім праходзіць Вялікдзень, патрабуе моцнага слова пастыра. Таму і блаславенне ад рыма- каталіцкага іерарха скіравана на тое, каб людзі ды іх сем’і былі ў гэтую часіну «моцнымі Богам».

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

У гэтую Велікодную раніцу звяртаюся да вас з асаблівай сардэчнасцю, каб падзяліцца радасным пасланнем веры, якое гучыць так: Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Хоць у нашых сэрцах шмат непакою і іх раніць боль, з прычыны пакутаў столькі людзей, якія вымушаны пакідаць свае дамы і краіны, ратуючы жыццё. Народы жывуць у няпэўнасці наконт заўтрашняга дня. Парушаны грамадскі парадак у многіх краінах. Аднак большай і мацнейшай з’яўляецца надзея, якую мы ўскладаем на Бога, міласэрнага айца, які так палюбіў свет, што аддаў сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, не згінуў, але меў жыццё вечнае.

Богу заўсёды важна, каб мы жылі ў згодзе і міры. А калі змагаліся, то змагаліся са сваімі грахамі і за сваю святасць.

Адзначаючы сёлетнія святы Уваскрасення Пана, будзем прасіць таго, які стаў пераможцам смерці, пекла і шатана, каб захаваў нас у міры, каб дапамог нам захаваць веру, Евангелле, Дэкалог, і каб гэтыя каштоўнасці сталі фундаментам міру, на якім мы будзем будаваць сваю будучыню.

Дарагія вернікі дыяцэзіі! Дзякуй усім, хто ў гэтыя дні спяшаецца з дапамогай патрабуючым. Запэўніваю ў сваёй малітве за тых, каго закранаюць хваробай цярпення. Каля пустой грабніцы Езуса прашу аб жывой веры для дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця першай святой камуніі, і аб тым, каб маладыя людзі, якія будуць умацаваны сямю дарамі духу святога ў сакраманце хрысціянскай сталасці, былі сведкамі ўваскрослага пана. Няхай усе сем’і будуць моцныя Богам, бо толькі тады яны будуць здольныя перамагчы цяжкасці і перанасці нават найбольшыя жыццёвыя буры.

Перад намі свята жыцця і дабра, надзеі і любові, міру і салідарнасці, збаўлення і міласэрнасці. Жадаю Вам усім быць удзячнымі Богу за дары пасхальных таямніц, бо яны з’яўляюцца задаткам нашага плённага жыцця сёння і ў вечнасці. На гэты час сустрэчы з уваскрослым і з бліжнімі ад усяго сэрца Вас бласлаўляю ў імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн!

Беларускае Радыё Рацыя