Сябра БХД хочуць судзіць за карыстанне калгаснай зямлёй
Змагар за правы сялянаў вёскі Ласасін ды і ўсяго Пружанскага раёну Міхась Новік, займеў чарговыя праблемы з мясцовай адміністрацыяй. Гэтым разам барацьбіта з наступствамі АЧС на роднай Пружаншчыне спрабуюць судзіць за карыстанне кавалкам зямлі, прызначаным для выгану жывёлы, а ўзамен прапануюць карыстацца іншым, менш прывабным. Расказвае сам фермер:
– У гэтым годзе пасля выбараў Харута Васіль Васільевіч, цяперашні дырэктар гаспадаркі, пад’ехаў да мяне і сказаў, што выдзеляць мне месца для выпасу жывёлы. Месца выдзелілі мне адразу за домам. Я пачаў пасвіць. А Харута мне сказаў, што цяпер мяне будуць судзіць за тое, што я выпасваю жывёлу на калгаснай зямлі.
Апроч гаспадарчай дзейнасці Міхась цікавіцца палітыкай ды з’яўляецца сябрам БХД. Сустаршыня партыі Павел Севярынец у тэлефоннай размове з кіраўніком калагасу спрабаваў паўплываць на сітуацыю. Аднак у адказ пачуў абразлівая выказванні ды ніводнае тлумачэнне так і не прагучала, – зазначае Міхась Новік.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота foodmaster.kz