Сябра Каардынацыйнай рады Віталь Крыўко вызвалены з-пад варты



Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Віталь Крыўко 12 лістапада вызвалены з-пад варты, паведамляе КР у сваім тэлеграм-канале. Падрабязнасці вызвалення пакуль не прыводзяцца.

Віталя Крыўко затрымалі 28 жніўня. Падчас выбарчай кампаніі ён быў каардынатарам штаба Віктара Бабарыкі.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне была створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

На сайце Каардынацыйнай рады Віталь Крыўко значыцца як прадстаўнік івэнт-супольнасці.

belapan.by