Сяброў ПЦ «Вясна» зноў выклікаюць на допыты
На допыт па крымінальнай справе, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, трэцяга траўня чарговы раз выклікалі старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Таксама сёння, 3 траўня, выкліканы на допыт у CК сябра “Вясны” Андрусь Крэчка.
Магілёўскі экаактывіст Леанід Платоненка павінен з’явіцца на допыт у Магілёўскі міжраённы аддзел СК. Як распавёў журналістам Леанід Платоненка, ён павінен прыйсці да следчага Андрэя Бядуліна, які будзе яго дапытваць „па справе “Вясны”.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.