Сябры АГП ладзяць талаку ў Курапатах



16 чэрвеня, у Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, а таксама зніклымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, Аб’яднаная грамадзянская партыя запрашае сябраў партыі і сваіх прыхільнікаў узяць удзел у талацэ. Партыя заклікае зрабіць свой унёсак у захаванне нацыянальнай памяці ды ратаванні мемарыялу Курапаты. На талаку збіраецца таксама лідар партыі Анатоль Лябедзька:

– Талаку робім у Курапатах. Бо там мае аднапартыйцы, ёсць такія адказныя і сумленныя, што ходзяць двойчы на тыдзень – у суботу і аўторак. Я асабіста таксама збіраюся. Планаваў і спадзяюся нішто не перашкодзіць. Аднапартыйцы вырашылі зрабіць больш масавую для сябраў партыі талаку ў Курапатах. І запрашаюць больш шырокі склад. І ведаю, што яны ініцыявалі сустрэчу з амбасадарамі Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Напярэдадні ў Курапатах на адным з крыжоў усталявалі шыльду ў памяць закатаваных у гэтым месцы жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі. Акцыя была прымеркаваная да 75-ай гадавіны пачатку акупацыі балтыйскіх краінаў Савецкім Саюзам. У жалобнай цырымоніі бралі ўдзел амбасадары Латвіі ды Эстоніі, а таксама аташэ па культуры Літоўскай амбасады.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя