Сябры Руху Салідарнасці “Разам” ушанавалі памяць паўстанцаў 1863-64 г.г.
9 траўня дэлегацыя Руха Салідарнасці “Разам” з 11 актывістаў з Менску і Вілейкі на чале з сустаршынёй арганізацыі Аленай Талстой наведала г. Біржай у Літве, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863-64 г.г.
У гэтыя дні – трагічны юбілей: 155-годдзе бітваў у Біржайскім краі, калі паўстанскія аддзелы пад кіраўніцтвам Зыгмунта Серакоўскага, Баляслава Калышкі і Антанаса Мацкявічуса на працягу трох дзён 7-9 траўня 1863 года вялі цяжкія баі з царскімі карнікамі. Сотні, калі не тысяча, паўстанцаў загінулі, а паранены Зыгмунт Серакоўскі быў узяты ў палон і 27 чэрвеня павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні.
Літоўцы шануюць памяць паўстанцаў. У міжваеннай Літве каля вёсак Мядзяйкяй, Гудзішкіс і Халме Англю былі ўсталяваны памятныя знакі ў гонар герояў, якія змагаліся за свабоду. Каля гэтых крыжоў прымалі прысягу “лясныя браты”, якія змагаліся з савецкай акупацыяй, а сёння да іх прывозяць школьнікаў. За савецкім часам крыжы былі засыпаныя зямлей, і такім чынам зберагліся да таго моманту, пакуль іх можна было ўсталяваць на ранейшым месцы.
Прасёлкавымі ляснымі дарогамі дэлегацыя Руха даехала да помнікаў. Каля ўсіх трох святыняў пад бела-чырвона-белымі сцягамі былі запалены знічкі, ускладзены кветкі, гучала малітва “Войча Наш” і нацыянальны гімн “Магутны Божа!”, Гучалі кароткія прамовы. Лідар Руха Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў, што мэта сённяшняга мерапрыемства – ушанаваць памяць усіх змагароў з усходняй навалай з розных краінаў Міжмор’я. Прагучалі анонсы бліжэйшых акцый – 28 траўня, у дзень гібелі паўстанцкага начальніка Вілейскага павету Вінцэнта Козел-Паклеўскага, ў вёсках Уладыкі, Вілейскага раёна, і Княгінін, Мядзельскага раёна, і 27 чэрвеня – на Лукішскім пляцы ў Вільні.
Рух Салідарнасці “Разам” выказвае вялікую падзяку за прыём беларускай дэлегацыі і дапамогу ў правядзенні мерапрыемства кіраўніку дэпартамента гістарычных даследванняў Музея Біржайскага краю “Сэла” спадарыне Эміліі Райбужытэ-Калнініэне, гіду па экспазіцыі музея спадарыне Ліне Кунцытэ, праваднікам па памятных мясцінах – супрацоўніку музея Аўгеніўсу Кунцэ і гісторыку Даліўсу Мікеліонісу.
Слава Героям Паўстання 1863-64 гадоў!
За нашу і вашу Свабоду!
Жыве Беларусь!
[Not a valid template]
Прэс-група Руха Салідарнасці “Разам”.