Сябры Руху „За Свабоду” раздавалі маскі і інструкцыі па процідзеянню каронавірусу
Актывісты Руху „За Свабоду” раздалі ў Менску сотні бяспатлых масак, флаконаў з дэзінфекцыяй і інструкцый па процідзеянню каронавірусу.
Як падкрэсліў кіраўнік руху Юрась Губарэвіч, галоўная мэта гэтай акцыі — праінфармаваць людзей, што небяспека рэальна існуе.
– Беларусь хіба адзіная краіна ў свеце, кіраўніцтва якой ставіцца, скажам так мякка, бязладна да таго, што адбываецца, і таму адпаведная рэакцыя людзей. Вельмі шмат хто вымушаны карыстацца грамадскім транспартам, бо краіна не выведзена на каранцін, працягваецца праца, неабходна ездзіць у офіс, людзі сталага веку таксама ездзяць па сваіх справах, у крамы.
„Аб небяспецы захварэць мы і папярэджваем людзей,” — падкрэсліў Юрась Губарэвіч.
Бясплатная раздача выклікала цікаваць мінакоў. Людзі падыходзілі, бралі бясплатыя маскі, сродкі дэзінфекцыі, улёткі з антывірусай інфармацыяй.
– А ўнукам маім. У мяне чацьвёра ўнукаў.
РР: А як вы, ці баіцеся каронавіруса? Ці, перажывем?
– Не баіцца толькі дурань. Вы ж бачыце, колькі смерцяй. Кожны дзень у Італіі па тысячы памірае. У Гішпаніі, Францыі.
– Пік яшчэ, напэўна, будзе наперадзе. Бо мы не ведаем, колькі сёння ходзіць хворых, і нават не ведаем, у якім стане мы ходзім. Сёння я добра адчуваю, а хто яго ведае, што ўжо са мной. А жыццё не спыняецца, даводзіцца наведваць грамадскія месцы. І няма 100-працэнтнай гарантыі, што ты не падхопіш вірус.
„Але адно я магу сказаць дакладна – свет змяніўся і нам, людзям, трэба вучыцца таксама жыць па-новаму, па-старому проста не атрымаецца,” – абагульніла адна з жыхарак Менску, якая падыйшла да ўдзельнікаў акцыі і атрымала маску.
Па словах намесніка старшыні руху Віктара Янчурэвіча, закупка масак і санітайзераў стала своеасаблівым маніторынгам аптэчнай і гандлёвай сістэмаў на падрыхтаванасць да пашырэння каронавіруснай інфекцыі. Маскі і дэзінфікуючыя сродкі ў продажы ёсць:
– З маскамі ёсць такая праблема, кошт адной маскі быў 13 капеек, сённ ў аптовай фірме я набыў маскі па 1 рубель 56 за адну штуку, то бок кошт вырас больш чым у дзесяць разоў за месяц. Маскі ёсць у аптэках, але толькі нашы беларускія марлевыя, іншых масак не знайсці. Аб’ехаў можа з 15 ці больш аптэк, дэзінфікуючых сродкаў ёсць толькі на воднай аснове хлоргексідзін ці перакісь вадароду, іншых спіртавых ніякіх увогуле няма.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Юрася Губарэвіча