Сябры слонімскай дэмакратычнай кааліцыі пададуць заяўку на правядзенне народнага сходу
Сябры слонімскай дэмакратычнай кааліцыі сёння пададуць заяўку на правядзенне ў Слоніме народнага сходу 30 красавіка. Пра гэта па выніках сустрэчы мясцовых актывістаў паведаміў Віктар Марчык.
З яго слоў, на сходзе будуць абраныя прадстаўнікі народа, якія будуць выступаць ад яго імя на круглых сталах.
Першы дыялог з мясцовымі ўладамі запланаваны на 19 красавіка. Будзе абмяркоўвацца праблема занятасці насельніцтва Слонімшчыны.
— Не будзем ужо падганяць падзеяў. У нас такая тэма, і мы яе будзем мусіраваць. У нас ёсць нейкія свае прапановы па стварэнні працоўных месцаў. Па тых пытаннях, якія немагчыма будзе вырашыць на круглым стале, мы плануем падаць свае прапановы. Каб яны іх разглядзелі і на наступны круглы стол ужо маглі нам адказаць на нашы прапановы. Ім трэба даць час, каб яны даклалі вышэйшаму кіраўніцтву, атрымалі адказ і тады так бы мовіць апраўдаліся перад намі.
Сам Віктар Марчык быў затрыманы пасля «Маршу недармаедаў», які прайшоў 19 сакавіка ў Слоніме з ўдзелам звыш двухсот чалавек. На пытанні слонімцаў больш за гадзіну адказваў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі, які паабяцаў вырашыць праблемы грамадзянаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя