Сябры ўстанавілі шыльду на хаце беларускага паэта і вучонага
У вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна на хаце, дзе нарадзіўся і жыў апошнія 28 гадоў беларускі пісьменнік, доктар філалагічных навук, былы супрацоўнік Інстытута літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Мікола Арочка (1930-2013), з’явілася шыльда. Шыльду ўстанавілі сябры пісьменніка з дазволу жонкі Марыі Іванаўны Арочка.
Мікола Арочка – адзін з таленавітых беларускіх літаратараў ХХ-ХХI стагоддзяў. З-пад яго пяра выйшлі з друку найвыдатнейшыя гістарычныя паэмы “Курганне. Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990), “Каранацыя Міндоўга” (2003). Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніх паэзіі, сярод якіх –
“Матчына жыта”, “Бяздонне”, “Падземныя замкі”, “Памяць зярнятаў” і іншыя, літаратуразнаўчых кніг пра Валянціна Таўлая, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, па сучасную паэзію і ваенную прозу, кніг перакладаў. Да сённяшніх дзён на Слонімшчыне так і не ўшанавана належным чынам памяць пра знакамітага і таленавітага земляка. На магіле ў вёсцы Вецявічы жонка пісьменніка Марыя Іванаўна і ўнук Валерый паставілі яму помнік. А нядаўна землякі пісьменніка зрабілі і прымацавалі шыльду на яго хаце.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара