Сядзіба БНФ абвесціла краўдфандынг
Сядзіба БНФ, адна са старэйшых незалежных пляцовак грамадскага жыцця ў Менску, абвяшчае збор грошаў для аплаты арэнды памяшкання. Да 31 снежня 2018 г. на аплату арэнды трэба сабраць 28 000 рублёў – інакш улады пагражаюць скасаваннем дамовы.
Апошнія сем гадоў Сядзіба БНФ размяшчаецца па вуліцы Чарнышэўскага, 3 – сюды яна пераехала пасля таго, як улады выціснулі партыю з гістарычнага будынку на вуліцы Варвашэні (праспект Машэрава). Дамову арэнды скасавалі падчас правядзення маштабнага збору грашовай і рэчавай дапамогі людзям, што былі арыштаваныя на Плошчы-2010: гэта была помста ўладаў за кампанію народнай салідарнасці – і дзякуючы народнай падтрымцы Сядзіба аднавіла працу на новым адрасе.
Цяпер самой Сядзібе БНФ патрэбная дапамога. У адрозненьне ад праўладных партыяй, Партыя БНФ не мае ані ільготных ставак арэнды (якія ўлады далі ГА „Белая Русь” і камуністычнай партыі), ані мільённых датацыяў з дзяржбюджэту (якія ўлады даюць БРСМ).
Сядзіба БНФ як незалежная пляцоўка існуе выключна дзякуючы ахвяраванням людзей.
Штогод дзясяткі арганізацыў ладзяць у памяшканні Сядзібы БНФ культурніцкія, моладзевыя, дабрачынныя мерапрыемствы – тут адбываюцца канцэрты (у тым ліку гэта пляцоўка для творчых сустрэчаў з музыкамі, якія трапляюць у „чорныя спісы”), выставы, дыскусійныя клубы, прэс-канферэнцыі. Пляцоўка адкрытая не толькі для мерапрыемстваў БНФ: у памяшканні Сядзібы адбываліся з’езды і сходы партыяў і рухаў рознай скіраванасці.
У часы павелічэння рэпрэсіяў памяшканне Сядзібы БНФ застаецца адзіным месцам, дзе незалежная грамадскасць можа вольна праводзіць свае імпрэзы.
Будынак сядзібы БНФ на Чарнышэўскага, 3 цяпер адзіны ў Менску, дзе лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Але без грашовай падтрымкі людзей гэтае месца можа зачыніцца.