Сямейная здрада кандыдаткі з «рускага міру»
Па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 балатуецца ў дэпутаты Парламенту аўтарка беларусафобскіх артыкулаў Эльвіра Мірсалімава. Апрача пастулату «Інтэграцыйныя сувязі з Расеяй – гарантыя росквіту нашай краіны», кандыдатка прэзентуе сябе як прыхільніцу сямейных каштоўнасцяў. Але – ці падзяляе яна сама каштоўнасці ўласнай сям’і, ці займаецца дэмагогіяй, лічачы сваіх выбарцаў поўнымі дурнямі? Адказ адназначны.
Спроба «сцерці памяць» Пра гэты этап у сваёй біяграфіі Эльвіра Мірсалімава замоўчвае, аднак яе грамадская дзейнасць пачалася ў сферы беларускіх НДА. Абвясціўшы сябе змагаркай за саюз з Расеяй і выкрывальніцай падступнага ўплыву Захаду на беларускую моладзь, кандыдатцы давялося правесці глабальную ліквідацыю пэўных звестак пра сваю асобу ў інтэрнэце. Толькі інтэрнэт – такая штука, што без асаблівых намаганняў можна даведацца: Эльвіра Мірсалімава была актывісткай YMCA (Young Men’s Christian Association, «Хрысціянская садружнасць дарослых і моладзі»), стварыла відэаблог і кіравала сайтам гэтай структуры ў Віцебску, актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах. І нямала паездзіла па Еўропе, скарыстаўшыся тым самым «заходнім фінансаваннем», якім так любіць сёння папракаць сваіх апанентаў.
Толькі кар’ера ў YMCA не задалася. Магчыма, таму, што больш актыўнай і крэатыўнай аказалася сястра Крысціна, якая з часам стала прызнанай лідаркай віцебскай арганізацыі, а потым і Старшынёй нацыянальнай рады YMCA Беларусь. А можа, стала крыўдна, што «заходняе фінансаванне» давялося выкарыстоўваць па прызначэнні, а не класці ва ўласную кішэню. Так ці інакш, але Эльвіра Міраслімава, знікшы з далягляду грамадскай дзейнасці, апынулася на ім зноўку ўжо ў супрацьлеглай якасці – як аўтарка артыкула «Бжезинскому и не снилось: тайная история крупнейшей НКО – YMCA». Калі каротка пераказаць гэты опус, то менавіта ад YMCА бярэ пачатак антысавецкая і антырасейская прапаганда, дыктатары і таталітарызм – гэта «выдумка масонаў» і «пратэстантаў», а Сталін – герой.
Паўлік Марозаў адпачывае
Т.Ф. Мірсалімава з выхаванцамі
Зрэшты, аналізаваць інсінуацыі неспрактыкаванага розуму на тле няспраўджанай грамадскай кар’еры не так цікава, як паразважаць над стаўленнем да сямейных каштоўнасцяў паводле гэтага артыкула. Сястрынскую любоў і павагу да справы жыцця блізкага чалавека Дзмітрыя Рубанік прамяняла на ілюзію стацца палітычным аналітыкам. Нават павагу да роднай маці яна палічыла непатрэбным сантыментам, змяшаўшы з брудам аўтарытэт Таццяны Фёдараўны Мірсалімавай, якая і далучыла сваіх дачок да скаўцкага руху а потым і да віцебскай арганізацыі YMCА. Былая настаўніца, якую ўганаравалі званнем «пачэснага скаўта», падрыхтавала і правяла безліч імпрэзаў, была мадэратарам і трэнерам, навучала моладзь карысным кампетэнцыям, але для аўтаркі пасквіляў гэта – «набор антыхрысціянскіх, русафобскіх, антынатуральных памкненняў, тэзісаў і дзеянняў».
У артыкуле «Как Западные НКО превращают белорусскую молодежь в баранов» Эльвіра Мірсалімава заклікае адмовіцца ад удзелу ў навучальных семінарах пад кіраўніцтвам « духоўных пустышак» і «скрайне глупых людзей», якія «ў большасці сваёй не праваслаўныя, а прадстаўнікі іншых канфесій» – а гэта сённяшняя кандыдатка ў дэпутаты Парламенту відавочна лічыць самым вялікім грахом чалавецтва… Адзіны паратунак ад маніпуляцый свядомасцю – гэта «шанаваць культуру і духоўныя традыцыі сваіх продкаў. Адстойваць сямейныя і духоўныя каштоўнасці», піша аўтарка. Уяўляеце, што адчуваюць пры гэтым яе маці і сястра?
Замужам або за мужам?
Сваё «нефармальнае мінулае» Эльвіра Мірсалімава згадваць не любіць, але вымушана: шмат знаёмцаў у Віцебску могуць прыгадаць і яе арыгінальны вясельны ўбор са скаўцкім гальштукам на шыі, і не менш актыўны ўдзел у дзейнасці YMCА яе мужа, Дзмітрыя Рубаніка. Хаця і ён і імкнуўся вынішчыць з інтэрнэту ўсе сляды свайго юнацкага захаплення, стаўшы каардынатарам руху «Гражданское согласие» ў Віцебску.
Са звестак пра яго ўдзел у іншых грамадскіх арганізацыях вядома, што ён – сябар Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Факт, здольны выклікаць здзіўленне, зважаючы на відавочную прарасейскую рыторыку літаратара: «Западом во все времена планировалась и приводилась в действие программа по истощению жизненных сил русского православного народа. Нам, думающим и говорящим по-русски, стоит знать и помнить свою Историю».
Так, Дзмітрый Рубанік піша на расейскай мове не толькі вершы, але і праграмныя артыкулы: «Беларусь, отвернувшись от России, …будет сначала полонизирована ментально, тотчас обращена в католичество и униатство. И растворена в составе Польши. Этого ждут от вас, дорогие молодые белорусы, заскучавшие было польские иезуиты. Вот только, кажется мне, в этом случае, – с большой долей вероятности – возникнет Витебская Народная Республика»…
Працытаваныя допісы з’явіліся ў 2014-2015 гг. А ў 2017-2018 з’явіліся артыкулы, падпісаныя Эльвірай Мірсалімавай, у якіх – тая ж тэма: «притязания Польши на «Kresy Wschodnie» никто не отменял», «националисты возвеличивают периоды польского владычества над нашими землями, превозносят польскую и литовскую знать, выдавая их за якобы белорусских деятелей, выступают против Православия» і «предлагаемая националистами и прозападниками похлёбка из русофобства, человеконенавистничества и перевирания не годится для думающих и адекватных людей».
Дзмітрый Рубанік – крайні справа
Асцярожна! Ідзе эвалюцыя поглядаў
Версія пра тое, што імя жонкі – гэта псеўданім для публіцыстычных практыкаванняў Дзмітрыя Рубаніка, выглядае цалкам верагоднай. Бо «ўжывую» кандыдатка ў дэпутаты Парламенту аказалася няздольнай прадэманстраваць ні таго ўзорнага валодання мовай варожасці, якой прасякнуты артыкулы за ейным подпісам, ні нават добрага валодання расейскай мовай.
Але хто б ні быў аўтарам, падобныя опусы кансалідуюць вакол сябе асобаў адпаведнага светапогляду. І ў сацыяльных сетках Эльвіра Мірсалімава запрашае людзей у закрытыя групы, дзе культывуецца нянавісць не толькі да беларускай гісторыі, але і да сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі. Замест іх прапануюць духоўныя каштоўнасці іншага плану – аб’яднанне «исконно русских земель» пад апекай «единого Православия». І нацкоўваюць на іншадумцаў – усіх, хто хоча бачыць Беларусь суверэннай дзяржавай. Інакш кажучы, рэпетуецца ўкраінскі сцэнар, дзе рытарычнае пытанне «Вы хочаце, каб было як ва Украіне?» чаргуецца з прагнозам стварэння «ВНР». Там усё таксама пачыналася з «бяскрыўднага» мільгацення расейскіх сцяжкоў.
Аднак не будзем наіўнымі. Існаванне прарасейскіх інтэрнэт-рэсурсаў вымагае немалых грашовых укладанняў і саліднага ганарарнага фонду. Таму пару словаў да цяперашніх ідэйных гаспадароў Эльвіры Мірсалімавай: заўсёды знойдзецца той, хто заплаціць болей. І расейскі трыкалор можа апынуцца ў той самай сметніцы, дзе і скаўцкі гальштук сённяшняй кандыдаткі разам з павагай да сямейных каштоўнасцяў.
Генрых Сухадольскі для Беларускага Радыё Рацыя Архіўныя фота ўзяты з www.ymcabelarus.org/, vk.com/ymcavitebsk