Новымі метадамі пачынаюць змагацца з хатнім гвалтам у Пінску



Цяпер праваахоўнікі будуць ізаляваць хатніх тыранаў адмысловымі прадпісаннямі, якія абмяжоўваюць іх правы. Напрыклад заробак парушальніка атрымае нехта з чальцоў сям’і, альбо ўвогуле тырану забароняць на пэўны тэрмін бачыцца са сваёй ахвярай.

Псіхолаг пінскай жаночай кансультацыі Марыя Вярковіч упэўнена, што ўзмацненне адказнасці наспела даўно, бо так званыя хатнія тыраны атрымоўваюць задавальненне ад сваіх учынкаў:

 – Калі ў сям,і адзін раз адбыўся гвалт, то вельмі частыя рэцэдывы І, калі не штомесячна, то раз у квартал. Людзі адчуваюць сваю беспакаранасць. І, хутчэй за ўсё, гэта людзі, якія адчуваюць і задавальненне ад таго, што яны здзяйсняюць такія дзеянні.

Праваахоўнікі адзначаюць, што такія метады маюць еўрапейскую практыку і ніякіх парушэнняў правоў чалавека няма, калі размова ідзе пра гвалт.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

 

* * *

Толькі за паўгады бягучага году на Берасцейшчыне заведзена 145 крымінальных спраў у сферы сямейна-бытавых адносін і ў гэтай жа сферы зафіксавана звыш 2 тысяч адміністрацыйных парушэнняў. Ёсць выпадкі са смяротным вынікам.

“На вялікі жаль, па шэрагу аб’ектыўных прычын, нам вядомыя не ўсе лічбы”, – пракаментавала статыстыку валанцёрка пінскага клубу жанчын Валянціна Смяховіч:

 – Сорамна гаварыць пра гэта, сорамна агучваць сямейную справу альбо праз наш менталітэт, што білі нашых бацькоў, білі нас, б’ем і мы. І, на жаль, гэтае заганнае кола замыкаецца. Тое, што мы ведаем, гэта нязначныя лічбы ў параўнанні з тым, што рэальна існуе праблема хатняга гвалту. І гэтая праблема расце. І гэта вельмі трывожна.

Ад сярэдзіны 2012 году на Берасцейшчыне рэалізуецца два міжнародных праекта па супрацьдзеянню сямейнаму гвалту. Удзельнікі праекту адзначаюць станоўчыя моманты ў тым, што людзі сталі больш адкрытыя па гэтай тэме ды грамадства змяняе свае стаўленне да праблемы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя