Сям’я асуджанага ў Беларусі японца спадзяецца на дапамогу Лукашэнкі



Сям’я асуджанага ў Беларусі 27-гадовага японскага мастака Даічы Ёшыды спадзяецца на дапамогу Аляксандра Лукашэнкі.

„Мы вельмі спадзяемся, што спадар Лукашэнка дапаможа нам. Судовыя інстанцыі нас не выслухалі, таму мы звяртаемся наўпрост да кіраўніка дзяржавы. Мы спадзяемся, што ён атрымае ліст і злітуецца над Даічы”, — сказала БелаПАН маці асуджанага Ёка Ёшыда.

Ліст на імя беларускага кіраўніка сям’я Даічы накіравала некалькі тыдняў таму. Яны просяць дапамагчы ў вяртанні сына дадому. Аўтары ліста „прысягаюць сваім жыццём”, пераконваючы Лукашэнку ў тым, што Даічы не дазволіў бы сабе нават у думках нашкодзіць Беларусі.

Мастак, які працуе ў стылі манга (японскія коміксы), Даічы Ёшыда летам 2016 года ляцеў з Кіева ў Токіа транзітам цераз Беларусь і ААЭ. У Мінску маладога чалавека затрымалі за тое, што ў яго багажы знайшлі дзесяць стрэльбавых замкоў і чатыры ствольная каробкі да вінтовак розных гадоў. Пазней высветлілася, што гэтыя дэталі мастак легальна набыў у кіеўскай антыкварнай краме, каб выкарыстоўваць у якасці нагляднага дапаможніка для рэалістычнага малявання зброі ў сваіх манга.

Аднак суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў Ёшыду вінаватым у незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 285 КК) і незаконным перамяшчэнні агнястрэльнай зброі цераз мяжу (ч. 1 арт. 333-1 КК). Японца прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Ён абскардзіў рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях, але і Мінгарсуд, і Вярхоўны суд пакінулі прыгавор у сіле. Даічы Ёшыда адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі ўзмоцненага рэжыму № 3.

Маці асуджанага звярнула ўвагу на тое, што ў кіеўскім аэрапорце ахова сфатаграфавала яго багаж і прапусціла на рэйс, зарэгістравала багаж без абмежаванняў і кампанія „Белавія”. Жанчына таксама сцвярджае, што ў Беларусь яе сын не збіраўся.

belapan.com